Геадэзіст: «Сучасныя тэхналогіі дазваляюць усталяваць граніцы зямельнага ўчастка з вялікай дакладнасцю»

Власть и общество
Дзмітрый Баравік, геадэзіст першай кваліфікацыйнай катэгорыі Браслаўскага бюро Полацкага філіяла РУП «Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры», прыйшоў у бюро на вакантнае месца з дыпломам Полацкага ўніверсітэта па спецыяльнасці «інжынер-тэхнолаг-будаўнік» у жніўні 2011 года пасля тэрміновай воінскай службы.

Менавіта тут ён стаў прафесіяналам сваёй справы. Асноўны яго абавязак у арганізацыі — устанаўленне і аднаўленне межаў зямельных участкаў грамадзян на тэрыторыі нашага раёна. Калі Дзмітрый прыйшоў на працу ў бюро, у большасці гаспадароў прыватнага сектара не існавала прававых дакументаў на зямельны ўчастак. А без іх па нормах сучаснага заканадаўства нельга ні газ з балонам замяніць, ні ў спадчыну ўступіць, ні здзелку з маёмасцю здзейсніць.

Дзмітрый узгадвае, што ў 2011 г. у бюро паступіла 2 440 заяў ад грамадзян аб устанаўленні правоў на зямельны ўчастак. Абсалютная колькасць дакументаў аформлена, хоць існавалі і адмовы. Яны звязаны найперш са спрэчкамі паміж суседзямі. «Гэта, бадай, самае складанае ў маёй рабоце, — кажа Дзмітрый. — Педантычна выконваеш усё ў адпаведнасці з зямельным заканадаўствам, а падчас суседскіх спрэчак стаіш без віны вінаватым».

Дарэчы, атрымаць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на зямельны ўчастак зусім не складана. Вясковым жыхарам трэба напісаць заяву ў сельвыканкам аб устанаўленні граніц зямельнага ўчастка, гараджанам — у адно акно райвыканкама, аплаціць гэтую паслугу (на сённяшні дзень 150 руб.) і праз 15 працоўных дзён фарміравання землеўпарадкавальнай справы атрымаць пасведчанне — галоўны дакумент па зямлі.

Ёсць у браслаўскага геадэзіста і яшчэ іншы значны пласт работы — тэхнічная інвентарызацыя лінейных і пляцовачных аб’ектаў. Ён рыхтуе тэхпашпарты на ўчасткі дарог, тратуараў, ліній электраперадачы, газаправодаў, якія ўводзяцца ў эксплуатацыю. У мінулым годзе, напрыклад, Дзмітрый ад Слабодкі да Друі пешшу пераадолеў дыстанцыю ўздоўж пабудаванага газаправода, каб зняць каардынаты, нанесці іх на карту і падрыхтаваць тэхпашпарт. Нягледзячы на тое, што часам даводзіцца пераадольваць прасторы ў непагоду і праз балоты і буралом, геадэзіст прызнаецца, што такая работа нават больш падабаецца, чым апрацоўка інфармацыі на камп’ютары.

Безумоўна, без такіх якасцей, як прасторавае мысленне, добрая зрокавая памяць, матэматычны склад розуму, грунтоўны падыход да афармлення дакументацыі, у дадзенай галіне дзейнасці ніяк не абысціся. А кіраўніцтва Браслаўскага бюро дадае, што, акрамя гэтых прафесійных рыс, граматны і добрасумленны геадэзіст Дзмітрый Баравік яшчэ заўжды вельмі ветлівы як з кліентамі, так і з калегамі па рабоце.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.