«Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі». Да мірнага жыцця (1950-я гады)

Актуальное Браславскому району — 80 лет

На фота: Каля першага камбайна.

Да вайны па сацыялістычным пераўтварэнні гаспадаркі было зроблена нямнога. Масавая арганізацыя калгасаў прыпадае на 2 палову 1949 года. Так, у 1950-м на тэрыторыі Ахрэмавецкага сельсавета дзейнічалі больш за 10 сельгасарцелей. Існавалі таксама калектыўныя гаспадаркі імя Молатава, «Слава», «Шлях Сталіна», «Праўда» і інш. У Цяцеркаўскім сельсавеце былі ўтвораны калгасы «Сталінскі шлях», «Першага мая», «Герой працы» і інш. У Замошскім,Іказненскім, Літоўшчынскім, Муражскім, Слабодкаўскім, Друйскім, Быстрамаўскім, Спрындаўскім, Плюскім сельсаветах налічвалася больш за 80 дробных сельгасарцелей. І ў 1951 — 1953 гг. пачалося іх аб’яднанне ў калгасы.

Адначасова з узбуйненнем арцелей раслі таксама і машыннатрактарныя станцыі. Браслаўская МТС у ліпені 1952 года мела 60 трактароў з адпаведнай колькасцю прычапнога інвентару для апрацоўкі глебы. У гэтым жа месяцы станцыя атрымала 2 магутныя трактары «С-80» і балотны плуг.

На базе арцелей нараджалася ў раёне і прамысловасць. Так, адна з іх перарасла ў рыбзавод, другая стала асновай для камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва. Услед за імі ў прыстасаваных памяшканнях былі арганізаваны хлебазавод, малаказавод, прамкамбінат, гароднінасушыльны завод. У 1954 г. заснавана аўтабаза. А на паўночна-ўсходнім ускрайку Браслава пачала ўтварацца прамысловая зона. Першымі тут узняліся карпусы льнозавода…

Гаворачы пры 50-я гады, нельга не ўзгадаць пра ГЭС «Дружба народаў», якая стала на той час важнейшым народнагаспадарчым аб’ектам на Браслаўшчыне. Урачыстая закладка «першага каменя» прайшла 8 чэрвеня 1952 года. Станцыя дала першы ток 13 ліпеня 1953 года, а 19 ліпеня адбылося яе ўрачыстае адкрыццё.