Браслаўшчына прызнана неспрыяльнай у плане аграрнай вытворчасці. Што гэта азначае?

Деньги
Нядаўна ў прэсе з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі складзены рэйтынг сельскагаспадарчых раёнаў. У ім Браслаўшчына прызнана неспрыяльнай у плане аграрнай вытворчасці. Што гэта азначае?

Як патлумачыў «Браслаўскай звяздзе» першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Мікалай Бараноўскі, падобная ратацыя адбываецца рэгулярна. Пералік неспрыяльных для вядзення сельскай гаспадаркі раёнаў зацвярджаецца раз у пяць гадоў. Яго фарміруе Мінсельгасхарч сумесна з Акадэміяй навук на падставе даных Белстата, Мінпрацы і Дзяржкаммаёмасці. Зацвярджаецца гэты спіс пастановай Саўміна.

Сёлета неспрыяльнымі прызнаныя ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі ў 66 з 118 раёнаў краіны. У пералік на 2020 — 2024 гады трапілі ўсе раёны Віцебскай вобласці, за выключэннем Аршанскага і Дубровенскага. У Гомельскай да неспрыяльных таксама аднесены ўсе раёны, акрамя Жлобінскага. Менш за ўсё такіх рэгіёнаў у Гродзенскай вобласці.

Да неспрыяльных для вытворчасці сельгаспрадукцыі адносяць раёны, дзе арганізацыя высокарэнтабельнай вытворчасці не ўяўляецца магчымай з-за прыродна-кліматычных, глебавых, экалагічных і сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.

Сярод крытэрыяў згадваецца сярэдні працэнт гібелі пасеваў з-за неспрыяльнага надвор’я, бал кадастравай ацэнкі сельгасзямель, доля зямель, забруджаных радыенуклідамі, доля працаздольнага насельніцтва, узровень беспрацоўя.

Рэйтынг складаецца для разумнага размеркавання матэрыяльнай дапамогі. Слабыя раёны атрымліваюць надбаўку са сродкаў мясцовых бюджэтаў на рэалізаваную або накіраваную ў перапрацоўку сельскагаспадарчую прадукцыю.