Чыстая і адпрасаваная бялізна для састарэлых — справа клапатлівых рук Рэгіны Пташнік

Люди
Дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў — своеасаблівы востраў міласэрнасці, дзе знайшлі прытулак нямоглыя і «пабітыя» жыццём людзі. Таму супрацоўнікі сацыяльнай установы прыкладаюць шмат намаганняў, каб іх пастаяльцы адчувалі сябе камфортна і ўтульна.

Нямала клопату і душэўнага цяпла аддае ім і работніца пральні Рэгіна Пташнік, якая ўжо 30 гадоў працуе тут.

Спачатку жанчына ўладкавалася санітаркай, а гэты фронт работы, варта адзначыць, даволі складаны. Трэба не толькі наводзіць і падтрымліваць чысціню ў пакоях і на калідорах. Таксама ў абавязкі ўваходзіць догляд састарэлых: памыць, пакарміць, пераапрануць, прычасаць. А тым часам з нямоглымі людзьмі цяжэй, чым з дзецьмі.

— Ва ўсіх свой характар, свае балячкі — і фізічныя, і душэўныя, — кажа суразмоўніца, — і трэба да кожнага знай сці падыход, выслухаць, паспачуваць, падтрымаць.

Але самым цяжкім ў рабоце, сцвярджае Рэгіна, з’яўляецца маральны бок, бо лёс бабуль і дзядуляў выклікае шчымлівыя пачуцці і боль у сэрцы. Большасць дзяцей і ўнукаў, уладкаваўшы нямоглага чалавека ў сацыяльную ўстанову, уздыхаюць з палёгкай, абяцаюць прыходзіць, але ў хуткім часе забываюць пра яго. Таму супрацоўнікі дома-інтэрната становяцца для пастаяльцаў сапраўднай сям’ёй.

Праз некаторы час Р. Пташнік перайшла працаваць у пральню, дзе мые, рамантуе, падшывае бялізну і адзенне.

Спачатку, узгадвае жанчына, нямала работы даводзілася рабіць рукамі, ды і ўмовы ў памяшканні былі не надта камфортнымі. А цяпер дзякуючы намаганням дырэктара і адміністрацыі ўстановы тут цёпла і ўтульна, зроблены рамонт, устаноўлены тры пральныя машыны, а таксама іншае абсталяванне, якое значна аблягчае работу. Ды і дружны, згуртаваны калектыў садзейнічае таму, каб работа спорылася і прыносіла радасць. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.