Сямейны бізнес. Гісторыя браслаўскага прадпрымальніка

Новости
Ва ўсіх людзей, якія праяўляюць камерцыйную актыўнасць у малым, сярэднім ці буйным бізнесе, свой шлях у прадпрымальніцтва. Аднак тысячы савецкіх людзей, што звыкла працавалі, як і іх бацькі, на заводах і фабрыках, у сельскай гаспадарцы і сацыяльнай сферы, на транспарце і г. д., пайсці ў камерцыю падштурхнулі жыццёвыя абставіны ў перыяд распаду Савецкага Саюза.
ЗВЫЧАЙНЫ ВЯСКОВЫ ХЛОПЕЦ

Нельга сказаць, што Антон Красны мэтанакіравана ішоў у бізнес. Звычайны вясковы хлопец — ураджэнец в. Малькі Друеўскага сельсавета. І як большасць сельскіх падлеткаў 70-х гадоў, Антон не толькі грыз граніт школьнай навукі, але і змалку далучаўся да цяжкай працы на зямлі. Вяскоўцы ніколі не маглі пахваліцца сваёй зарплатай, іх дабрабыт ледзь не цалкам залежаў ад жадання ды ўмення весці падсобную гаспадарку. На агародзе, сенажацях, вакол дамашняй жывёлы завіхаліся дарослыя, старыя і дзеці як на досвітку, так і познім вечарам, калі нават у ліпені ўжо даўно і сцямнела. Таму Антон з пятага класа вучыўся ў бацькі трымаць у руках касу, крыху пазней мог без усялякіх цырымоній падаіць дзвюх кароў, летам, акрамя праполкі градак, імкнуўся яшчэ і зарабіць (свае!) грошы ў саўгасе на коннай грабілцы, а потым і памочнікам камбайнера.

— З першай жа сваёй «летняй» зарплаты, мізэрнай, вядома ж, але такой важнай для цябе і незабыўнай на ўсё жыццё, купіў сабе гадзіннік, — успамінае сёння Антон Іванавіч. — Потым, акрамя таго, што заробленыя летам грошы траціў на штосьці неабходнае да школы, ажыццявіў і доўгачаканую мару — самастойна набыў радыёпрыёмнік. Наша дзяцінства праходзіла не каля камп’ютара, а ў вучобе, працы, рухомых гульнях, на рыбалцы. Бывала, да паўночы дапамагаеш бацьку сена вазіць, здаецца, апошнія сілы развіталіся з тваім целам, але на досвітку ты ўжо з вудай сядзіш. Усё хацелася паспець. Інакш і быць не магло ў лёсе тых, хто ў вёсцы рос і быў неабыякавым да жыцця.

НА ШЛЯХУ ДА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

Антон Іванавіч не ўтойвае, што не быў выдатнікам у школе. Спрабаваў ён паступіць у сельгастэхнікум, але прахадных балаў не хапіла. Па накіраванні ваенкамата закончыў трохмесячныя курсы і з правамі вадзіцеля пайшоў у армію. Салдацкі лёс прызыўніка выпаў на ГДР.

За рулём аўтамабіля Антон аб’ехаў нямала германскіх гарадоў і быў уражаны нямецкім педантычным парадкам, насычанасцю разнастайных тавараў у магазінах, увогуле тым, што звычайныя людзі жывуць намнога лепш, чым у Савецкім Саюзе. Была магчымасць пасля тэрміновай службы застацца ў ГДР, але пашкадаваў маці, якая на той час засталася адна.

Па вяртанні на Радзіму Антону прапанавалі прадоўжыць службу ў радах МУС на ахове маскоўскага метрапалітэна. Аднак зноў запярэчыла маці. Таму ён пайшоў вадзіцелем у аўтабазу. Але праз некалькі гадоў бездакорнай працы ў аўтатранспартным прадпрыемстве шафёр аўтобуса на сваёй кішэні адчуў наступствы крушэння вялікай дзяржавы.

Трэба было неяк «выжываць». Тут Антон і вырашыў праверыць на практыцы бацькоўскія наказы наконт таго, што «не ўсё рабі, але ўсё ўмей», уласную працавітасць і ўбачанае ў Германіі. Напэўна, менавіта тады ён упершыню і праявіў яскрава свой патэнцыял асабістай ініцыятыўнасці. Спачатку змяніў месца працы на назіральніка «Белгідрамета», пасада якога з выконваннем замераў на воз. Дрывяты дазваляла перыядычна накіроўвацца ў якасці папулярнага ў той час «чаўнака» ў Польшчу з такімі немудрагелістымі таварамі, як вілы, граблі, згушчанае малако… Потым з’явіліся і іншыя ініцыятывы. Так пакрыху за некалькі гадоў і сабраўся першапачатковы капітал.

СЯМЕЙНЫ БІЗНЕС

На пераходзе стагоддзяў Антон з жонкай Святланай адчынілі дзверы ўласнага магазіна прадуктаў па вул. Садовай. Аказаўся ён запатрабаваным, таму з цягам часу да яго быў дабудаваны павільён. А сёння Антон Красны вядомы ў горадзе як галава трывалага сямейнага бізнесу з 22 працоўнымі месцамі. Яго правая рука Святлана кіруе работай двух магазінаў, сын Віталь — грузаперавозкамі.

Некалькі адрамантаваных памяшканняў здаецца ў арэнду. Дарэчы кажучы, Антон Іванавіч любіць ва ўсім парадак. І перад «Дажынкамі» не застаўся ў баку ад агульнай рабочай мітусні: паспеў акультурыць фасад купленага праз аўкцыён былога будынка прарабскага ўчастка, пакласці перад ім пешаходную дарожку, заасфальтаваць стаянку для аўтамабіляў. А ў бліжэйшай перспектыве — рэканструкцыя гаражоў. Некалькі дзён таму назад на першым паверсе гэтага адміністрацыйна-гандлёвага будынка адчыніў свае дзверы яшчэ і магазін запасных частак для аўтамабіляў пад назвай «Пілот».


Рэжым работы:
аўторак-пятніца — 9.00-18.00; абед — 14.00-15.00;
субота-нядзеля — 9.00-14.00;
панядзелак — выхадны.
Магазін працуе з арганізацыямі па безнаяўным разліку. Тэл. 80297610950; Вайбер 80297112770.

ІП Красны А. І. УНН 391881584


— Пакупніцкія мажлівасці мясцовых жыхароў не вельмі высокія, — кажа Антон Іванавіч. — Вось і даводзіцца лавіраваць, каб трымацца на плаву. Бізнес не церпіць ляноты. Тут, як ваеннаму чалавеку, заўсёды трэба быць напагатове.

На думку Антона Краснага, не вельмі добра, што ў невялікім горадзе стала многа сеткавых гандлёвых цэнтраў. Але і невялікія магазіны крокавай даступнасці будуць запатрабаваны, калі не ўпускаць з-пад увагі пакупніцкі попыт, нябедны асартымент, не перавышаць больш чым на 15 – 20 % гандлёвую нацэнку. Бадай, чалавек, які паспяхова працуе ў бізнесе звыш 20 гадоў, мае права так сцвярджаць.

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.