На пасяджэнні Браслаўскага райвыканкама абмеркавалі вынікі работы органаў пагранічнай службы

Новости
Сотні затрыманых парушальнікаў, дзясяткі спыненых спроб парушэння дзяржаўнай мяжы і правозу кантрабанды, шэраг папярэджаных іншых злачынстваў — такі вынік работы органаў пагранічнай службы ва ўзаемадзеянні з іншымі суб’ектамі Браслаўшчыны. Гэты аспект дзяржаўнай бяспекі абмеркавалі на пасяджэнні райвыканкама.

Па словах першага намесніка начальніка Полацкага пагранічнага атрада Андрэя Новікава, абстаноўка на дзяржаўнай мяжы ў зоне адказнасці фарміравання ў цэлым застаецца стабільнай і падкантрольнай. Агульная колькасць затрыманых парушальнікаў скарацілася (191 летась супраць 369 у 2018 годзе). Такая ж дынаміка назіраецца і ў разрэзе папярэджання спроб парушэння мяжы.

Не менш значная работа вядзецца і па супрацьдзеянні незаконнаму трафіку наркатычных сродкаў і зброі. Так, з трох да трынаццаці вырасла за год колькасць недапушчаных спроб правозу праз мяжу пнеўматычных пісталетаў і электрашокераў, з аднаго да дзевяці — наркатычных і псіхатропных рэчываў. Гэтыя парушэнні выяўлены аддзяленнямі пагранічнага кантролю. Яшчэ цэлы шэраг супрацьзаконных дзеянняў папярэджаны ў аператыўнай абстаноўцы ў супрацоўніцтве з праваахоўнымі органамі.

Сталі больш частымі і спробы арганізацыі каналаў перамяшчэння праз мяжу кантрабанды. Летась іх папярэджана 58 (у 2018 годзе — 38). Сума затрыманых таварнаматэрыяльных каштоўнасцей вырасла на 21 %.

Паралельна ў рамках выдзеленых раённымі ўладамі сродкаў працягвалася ўмацаванне пагранічнай інфраструктуры. Гаворка, як правіла, ідзе пра аснашчэнне інфармацыйнымі стэндамі, аншлагамі і дарожнымі знакамі.

«Усе нашы дасягненні — вынік сумеснай дзейнасці органаў пагранічнай службы, мясцовай улады, а таксама насельніцтва», — адзначыў А. Новікаў. І дадаў, што за апошні год па інфармацыі мясцовых жыхароў затрыманы 2 парушальнікі дзяржаўнай мяжы, 12 — пагранічнага рэжыму і 2 — заканадаўства аб прававым статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства. Па яго словах, толькі добрай адзнакі заслугоўвае дзейнасць дабравольных дружын, створаных пры Друеўскім, Плюскім, Мяжанскім, Відзаўскім сельвыканкамах.

У будучым пагранічнікі маюць намер захаваць такія падыходы да справы аховы дзяржаўнай мяжы з адначасовым узмацненнем інфармацыйна-тлумачальнай работы.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.