Вучні Слабодкаўскай школы сустрэліся з заслужанымі працаўнікамі Браслаўшчыны

В свободное время

На фота: Шмат фактаў пра доктара даведаліся вучні ад Генадзя Швяца.

На зімовых канікулах вучні Слабодкаўскай школы ў рамках падрыхтоўкі да раённай навукова-практычнай канферэнцыі сустрэліся з заслужанымі працаўнікамі Браслаўшчыны — Валерыем Карпіцкім, Антанінай Дарафеевай і Генадзем Швяцом.

Усіх аб’яднала агульная ідэя: у мінулым годзе навучэнцы пачалі пісаць працу пра славутага земляка — знакамітага браслаўскага доктара Фердынанда Іванавіча Леўшу. На жаль, вельмі цяжка знайсці матэрыялы пра яго жыццё і дзейнасць. Зразумела, што ўжо прайшло шмат часу. Фердынанда Іванавіча не стала ў 1986 годзе. Жыццё славутага доктара было складанае і цікавае, праца ахвярная і гераічная. Фактычна ён разам са сваімі калегамі ўмацаваў і падняў на новы ўзровень медыцыну Браслаўшчыны, закладзеную яшчэ Станіславам Нарбутам.

Пасля заканчэння Друйскай гімназіі айцоў-марыянаў Ф. Леўша ў 1932 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя. У 1937-м ён прайшоў ардынатуру па хваробах вачэй і хірургіі ў Варшаве. Два гады служыў у польскай арміі. Потым некаторы час працаваў у Друі. У 1939 годзе, пасля нападу гітлераўскіх войск на Польшчу, на пасадзе ўрача быў прызваны ў польскую армію. Трапіў у палон, але здолеў збегчы і вярнуцца ў бацькоўскую хату ў вёсцы Тулюткі. У гады вайны, знаходзячыся на акупаванай тэрыторыі, працягваў выконваць свае прафесійныя абавязкі, аказваючы дапамогу мясцоваму насельніцтву, падтрымліваў сувязь з партызанамі, яўрэйскім гета. Пасля вайны застаўся ў Браславе, дзе і працаваў да канца свайго жыцця. Доктар заўсёды быў адданы справе лячэння хворых. Фердынанду Іванавічу прапаноўвалі працаваць у Польшчы, у многіх клініках Мінска і ў Віцебскім медінстытуце. Але ён любіў Браслаўшчыну — родныя мясціны, тутэйшае насельніцтва.

Ф. Леўша быў узнагароджаны вышэйшым хірургічным медалём Пірагова, меў фундаментальныя веды па латыні, вывучаў гісторыю Браслаўшчыны. Больш за пяцьдзясят гадоў аддаў ён медыцыне, быў галоўным урачом раёна, загадчыкам хірургічнага аддзялення ЦРБ, правёў не адну тысячу складаных аперацый.

Нашы суразмоўцы ўспаміналі Фердынанда Іванавіча з вялікім гонарам, удзячнасцю і цеплынёй. Мы даведаліся пра новыя цікавыя старонкі яго жыцця, адчулі святло, якое зыходзіць ад людзей, калі яны гавораць пра славутага земляка. Дзякуем супрацоўнікам раённай бібліятэкі і асабіста Вользе Ляснеўскай за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы.

Успаміны былых калег доктара неабходны, каб напісаць даследчую працу. Будзем вельмі ўдзячны ўсім неабыякавым людзям, якія раскажуць нам пра жыццё і працоўную дзейнасць Фердынанда Леўшы. Звяртаемся да паважаных чытачоў: калі хтосьці з вас валодае патрэбнай нам інфармацыяй і можа падзяліцца сваімі ўспамінамі, просім патэлефанаваць па нумары +375292905208 МТС.

Галіна ЖУК,

настаўніца гісторыі Слабодкаўскай ЯССШ.