Кожны месяц супрацоўнікі ЦРБ і РЦГіЭ ладзяць акцыю «Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск»

Здоровье
У рамках ініцыятывы работнікі сферы аховы здароўя наведваюць працоўныя калектывы, месцы масавага збору людзей і з дапамогай танометра выяўляюць патэнцыяльных хворых — гіпертонікаў або гіпатонікаў, даюць ім парады, накіроўваюць да ўрача-кардыёлага.

На гэтым тыдні акцыя праводзілася ў гарадской паліклініцы. Больш за 60 чалавек пажадалі памераць свой артэрыяльны ціск. Сярод іх былі выяўлены больш за 20 чалавек, паказчык ціску якіх быў вышэйшы ці ніжэйшы за норму. Некалькім нават спатрэбілася неадкладная дапамога ўрача, які, дарэчы, быў таксама ўдзельнікам акцыі і мог на месцы выраўняць ціск і пракансультаваць пацыентаў. Пры іх апытанні высветлілася: многія нават не здагадваліся, што маюць такую хваробу.

Наступная акцыя пройдзе 15 лютага ў ГЦ «Віталіч» і ВУ «Браслаўгаз». Медыкі і далей будуць вымяраць ціск у браслаўчан і вучыць іх карыстацца танометрам, праводзіць індывідуальныя кансультацыі па пытаннях прафілактыкі хвароб сістэмы кровазвароту, дэманстраваць відэаролікі на тэму здаровага ладу жыцця і распаўсюджваць інфармацыйна-адукацыйныя матэрыялы па фактарах рызыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў і інсультаў, а таксама даваць рэкамендацыі па артэрыяльнай гіпертэнзіі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.