Вучні Опсаўскай школы атрымалі падарункі ад часопіса «Юны ратавальнік»

Новости
На мінулым тыдні карэспандэнт дзіцячага часопіса «Юны ратавальнік» пабывала ў Опсаўскай ЯССШ, каб адзначыць пераможцаў конкурсу «Я — чараўнік».

Як паведаміла намеснік дырэктара школы Інэса Стрыновіч, з гэтым выданнем установу звязвае даўняе сяброўства, бо опсаўскія вучні не першы раз удзельнічаюць у мерапрыемствах, што праводзіць часопіс.

Так, вучаніца школы Дзіяна Шукеліс восенню мінулага года стала прызёрам конкурсу малюнкаў на тэму «Няхай лета будзе радасным і бяспечным!».

А ў снежні мінулага года пяць вучаніц школы даслалі ў рэдакцыю выдання лісты, у якіх расказалі пра сваіх родных, сяброў і падарункі, якія хацелі б ім уручыць на Новы год.

Усе яны з нецярпеннем чакалі вынікаў конкурсу. І прыемна адзначыць, што сярод пераможцаў аказаліся Святлана Крывель і Надзея Маслякова, якія напісалі добрыя і пяшчотныя лісты пра сваіх дарагіх матуль.

Карэспандэнт часопіса ўручыла дзяўчатам салодкія прызы і перадала для іх мам электрачайнік і атласныя стужкі для вырабу заколак.

Пасля вучням 4 — 6 класаў прадставілася магчымасць паказаць свае веды па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці і расказаць пра работу ратавальнікаў праз удзел у конкурсах і гульнях. Самыя актыўныя з іх атрымалі памятныя прызы.

Сустрэча з прадстаўніком дзіцячага часопіса «Юны ратавальнік» прайшла весела і цікава. Хлопчыкі і дзяўчынкі падзякавалі карэспандэнту за сустрэчу і паабяцалі ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах, што праводзіць рэдакцыя выдання. ■

Алена ПЯТУШКА.