Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей пераедзе ў былыя памяшканні вузла сувязі

Новости
Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей ведаюць, напэўна, усе. Тут размешчаны экспазіцыі, прысвечаныя развіццю нашага раёна і горада, часта бываюць выстаўкі рознай тэматыкі.

Ды і сам будынак уяўляе цікавасць, бо быў пабудаваны ў 1917 годзе, а ў 1933-м там размясцілася друкарня братоў з сям’і Магата. Тут выдаў свае першыя зборнікі вершаў вядомы эсэіст, паэт, крытык і даследчык літаратуры Юзаф Буйноўскі, пабачыў свет і паэтычны зборнік Яна Стахуры, нейкі час у будынку жыў вядомы даследчык і аўтар прац па гісторыі Браслаўшчыны Отан Гедэман, у гонар якога нават усталявана памятная шыльда. Практычна да сярэдзіны 80-х гадоў у гэтых сценах друкавалася раённая газета «Браслаўская звязда». А з 1988-га тут размясціўся музей.

Дзесяцігоддзі не прайшлі безвынікова для драўлянага будынка: ён састарэў і па многіх параметрах ужо не падыходзіць для ўстановы. У сувязі з гэтым на баланс Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў перададзены былыя памяшканні вузла сувязі.

Як расказала дырэктар раённага аб’яднання музеяў Вольга Антанёнак, работнікі ўстановы ўжо наведалі будынак і ацанілі перспектывы пераезду. Так, тут плануецца стварыць для зручнасці наведвальнікаў паўнацэнны гардэроб, калекцыйную і бібліятэчную залы, краму з сувенірамі і інш. Шмат задум па стварэнні новых экспазіцый. Усяму гэтаму папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа, у тым ліку і будаўнічая, бо спатрэбіцца правесці перапланіроўку і прыстасаваць памяшканні для патрэб установы. Загадваць, калі музей адсвяткуе наваселле, рана. Аднак калі гэта збудзецца ў бягучым годзе, то стане сапраўдным падарункам да юбілею горада і раёна.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.