Равеснікі перамогі. «Свята верылі ў лепшае заўтра»

Вялікай Перамозе - 76
Далёка не ўсім дзецям пераможнага года пашчасціла ўбачыць свайго бацьку. Менавіта такі лёс напаткаў і Крысціну Дзмітрэнка з аграгарадка Слабодка.

На фронт Баляслаў Баран трапіў толькі ў 1944 годзе, пакінуўшы ў хаце цяжарную жонку. Але паваяваць яму давялося нядоўга: пры фарсіраванні ракі Одэр ён загінуў. Таму дзяўчынцы, якая нарадзілася ў лютым 1945-га, спаўна давялося адчуць на сабе цяжкасці і нястачу безбацькоўшчыны. Увесь клопат па немудрагелістай гаспадарцы і выхаванні дачкі лёг на плечы маці, якая так і засталася вернай свайму мужу.

— Жылі даволі бедна, — узгадвае Крысціна Дзмітрэнка. — На невялікі матчын заробак, які яна атрымлівала ў бальніцы, шыкаваць не даводзілася.

На стале ў сям’і было тое, што сваёй карпатлівай працай вырошчвалі на агародзе. У асноўным — вараная кіслая капуста. Толькі на Каляды і Вялікдзень бабуля пякла здобныя булкі, пах і смак якіх жанчына памятае і сёння.

Радаснай падзеяй было, калі бацькавы браты, што жылі ў Польшчы, адпраўлялі пасылку: у ёй заўсёды была мука, алей і штонебудзь з адзення.

З прысмакаў свайго дзяцінства суразмоўніца ўзгадвае кускавы цукар, які часам даводзілася расколваць малатком, і цукеркі- «падушачкі» з павідлам — імі калі-нікалі частавала цётка.

Гульні ў дзятвы былі традыцыйныя: «даганялкі», «у вайну», «у ножычак»… Летам у гадоў дзевяць-дзесяць Крысціна разам з сяброўкай захапілася рыбалкай. І дзякуючы спрыту і рыбацкаму шчасцю дзяўчынак у хаце на стале пачала з’яўляцца смажаная рыба.

Дзесьці ў гэтым узросце сястра маці ўзяла Крысціну да сябе ў госці ў Маскву. Прыгажосць і веліч савецкай сталіцы вельмі ўразілі вясковую дзяўчынку. Пашчасціла ёй пабываць у некаторых музеях і адметных мясцінах, якія назаўсёды засталіся ў памяці. Там жа яна ўпершыню ўбачыла тэлевізар і схадзіла ў кінатэатр. Калі пазней родным і сябрам расказвала пра «невялікую скрынку, у якой людзі размаўляюць і ходзяць», дзяўчынцы ніхто не верыў. Школа знаходзілася недалёка, і на перапынку Крысціна прыбягала дадому, каб ухапіць скібку хлеба з варэннем. Зімой у класах было вельмі холадна і займацца прыходзілася ў паліто і шапцы. Але прагу да вучобы гэтая акалічнасць ніколькі не змяншала. Асабліва добра школьніцы даваліся гуманітарныя прадметы, бо з дзяцінства яна вельмі любіла чытаць.

Па словах К. Дзмітрэнка, значную ролю ў тыя часы моладзь надавала спорту. Хлопцы і дзяўчаты абавязкова займаліся адразу ў некалькіх спартыўных секцыях і часта ездзілі на шматлікія спаборніцтвы. А пасля ўрокаў старшакласнікі збіраліся на пляцоўцы, дзе быў устаноўлены просты турнік, і падцягваліся, дэманструючы сваю добрую фізічную форму.

З атэстатам у кішэні Крысціна паехала ў Смаленск паступаць у інстытут на факультэт замежнай мовы. Паспяхова здала экзамены, але гарадскія прыгожа ўбраныя дзяўчаты, якія паглядалі на вясковую прыезджую звысоку, адбілі ахвоту да вучобы.

— У мяне была толькі адна сукенка з паркалю, — кажа жанчына, — ды і грашыма дапамагчы не было каму. Таму, калі прыйшоў выклік, у інстытут не паехала.

Год працавала ў мясцовай бібліятэцы, што дало магчымасць з цікавасцю акунуцца ў літаратурны свет. Потым скончыла педкласы ў Полацку, вярнулася дадому і ўладкавалася ў дзіцячы сад выхавальніцай, дзе і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак.

— Не зважаючы на цяжкасці і нястачу, жылі ўсе вельмі дружна і весела, — расказвае суразмоўніца. — Усёй вёскай адзначалі святы на гары Мілосці, там спявалі, вадзілі карагоды. Вечарамі збіраліся ў каго-небудзь у двары абмеркаваць навіны. І свята верылі ў лепшае заўтра.

З будучым мужам Крысціна пазнаёмілася на танцах. Украінскі хлопец са сваёй армейскай часцю з Мінска праводзіў у Слабодцы тапаграфічныя работы. Праз тры гады маладыя згулялі вяселле. І ўжо за плячамі мужа і жонкі Дзмітрэнка 56 гадоў сумеснага жыцця. Выгадавалі дачку і сына, якія ашчаслівілі сваіх бацькоў чатырма ўнукамі і праўнучкай. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.