Ці добра гэта, калі зімой няма ні снегу, ні марозу?

Главное Калейдоскоп
Каляндарная зіма пераадолела экватар, але маразоў і снегу беларусы, можна сказаць, і не бачылі. Навагоднія святы радавалі нас цёплымі сонечнымі днямі. На Каляды таксама была плюсавая тэмпература. Старажылы не памятаюць такіх зім. Мы ж паспрабавалі разабрацца, ці добра гэта, калі зімой няма ні снегу, ні марозу.

ДЛЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ

Многія ведаюць народныя прыказкі: многа снегу — многа хлеба; зіма цёплая — год галодны.

Сцюдзёная пара для аграрыяў — мёртвы перыяд. Яны назіраюць за пасевамі і вывучаюць іх, плануюць работы на пачатак новага сезона. На Браслаўшчыне цёплая і бясснежная зіма пакуль не адбілася на стане азімых. Аднак раптоўныя замаразкі пры адсутнасці снегу могуць сур’ёзна ім нашкодзіць. А вось цёплае надвор’е спрыяе вегетацыі, што рана «разбудзіць» расліны, і першы мароз загубіць іх. У нашым жа рэгіёне робіцца стаўка менавіта на азімыя культуры, таму турбавацца ёсць пра што.

ДЛЯ ЧАЛАВЕКА

Большасць людзей, безумоўна, аддалі б перавагу марознаму сонечнаму надвор’ю, чым пастаяннай адлізе з дажджом. Медыкі сцвярджаюць, што такія капрызы надвор’я адбіваюцца як на здароўі, так і на эмацыянальным стане людзей. Рэзка павялічваецца колькасць пацыентаў з прастудай і грыпам, бо вірусы і мікробы баяцца марозу.

Яшчэ адна прычына пагаршэння самаадчування — ваганні атмасфернага ціску. У такія дні колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу да тэрапеўтаў, неўролагаў і кардыёлагаў расце. У пацыентаў з сардэчнай паталогіяй у гэты час узнікае слабасць, дыхавіца, ацёкі, парушэнні сардэчнага рытму. Таксама нізкі атмасферны ціск выклікае мігрэні (прыступы моцнага галаўнога болю), а павышаная вільготнасць паветра — хваробы суставаў. Золь за акном і шэрасць адбіваюцца на эмацыянальным здароўі.

Ад метэаўмоў звычайна пакутуюць пацыенты з хранічнымі хваробамі, таму лепшы спосаб супрацьстаяць пагаршэнню самаадчування ў неспрыяльнае надвор’е — дакладна выконваць указанні свайго ўрача і своечасова прымаць прызначаныя ім лекі. А таксама спаць не менш за 8 гадзін у дзень, як мінімум 1,5 гадзіны праводзіць на свежым паветры, правільна харчавацца і адмовіцца ад шкодных звычак. Нягледзячы на тое, што гэтыя парады гучаць як простыя ісціны, яны працуюць.

Яркае асвятленне ў кватэры дапаможа кампенсаваць недахоп сонца. Хутка забяспечаць прыліў сіл фізічныя практыкаванні. Лепш за ўсё выконваць іх на свежым паветры. Адзіная ўмова — правільнае адзенне.

Але трэба адзначыць, што існуе група захворванняў, якія абвастраюцца менавіта ў марознае надвор’е, і для пацыентаў, якія пакутуюць на іх, еўрапейскі варыянт зімы дае магчымасць пражыць халодную пару года без ускладненняў.

Сачыце за прагнозам сіноптыкаў — гэта дапаможа сустрэць тэмпературныя катаклізмы як след. Не па душы такая зіма і аматарам зімовых відаў спорту, ды і дзетвара сумуе без снежкаў, санак, лыжаў і канькоў. ДЛЯ

ЖЫВЁЛЫ І ПТУШАК

Звярам складаней пераносіць снежныя зімы з моцнымі маразамі: цяжка знайсці ежу. Сёлета ж надвор’е пакуль амаль не адрозніваецца ад восеньскага. Праблема хіба ў тым, што жывёлы, якія зімой кладуцца ў спячку, ужо даўно прапусцілі патрэбны момант, і большасць так і блукае па лясах і палях. Тое самае і з пярнатымі. Масавая міграцыя птушак у гэтым годзе вельмі расцягнулася. Сёння яшчэ можна ўбачыць качак, лебедзяў і нават чаплі спакойна гуляюць і кормяцца на вадаёмах.

Сіноптыкі пакуль моцных маразоў і снегу не прагназуюць, таму будзем прывыкаць да еўрапейскай зімы і кожны няхай сам для сябе вырашае, ці ёсць у прыроды дрэннае надвор’е.

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.