Пройдуць агонь, ваду і медныя трубы. Браслаўскія ратавальнікі адзначылі сваё прафесійнае свята

Власть и общество
Сёння бяспеку браслаўчан ад надзвычайных сітуацый, пачынаючы пажарамі і заканчваючы стыхійнымі бедствамі, забяспечваюць крыху больш за 60 супрацоўнікаў пажарна-аварыйнай выратавальнай часткі ў Браславе і 4 пастоў у Відзах, Друі, Плюсах, Дрысвятах. Апошні знаходзіцца за 33 кіламетры ад райцэнтра і па кіламетражы мае такую ж зону адказнасці ў розныя бакі.

У сваю чаргу, ахова спакою кладзецца на плечы ўсяго 8 супрацоўнікаў, якія нясуць баявыя дзяжурствы па два чалавекі суткі праз двое. Па словах начальніка паста Паўла Радзэвіча, сярэдні ўзрост ратавальнікаў прыкладна 30 гадоў, калектыў згуртаваны, байцы плячо ў плячо нясуць службу не адзін год запар. Кожны з іх трапіў у РАНС рознымі шляхамі, але ўсе адчуваюць сваю адказнасць і прызванне дапамагаць людзям.

У тым ліку і сам Павел, які, уладкаваўшыся на пост па волі выпадку, ужо 23 гады іншай прафесіі для сябе не ўяўляе. Прызнаецца, што калі б шкадаваў пра свой колішні выбар, даўно змяніў бы сферу дзейнасці. Акрамя каардынацыі работы паста, вядзення дакументацыі, П. Радзэвіч таксама выязджае на выклікі, праводзіць прафілактыку сярод насельніцтва. Узгадваючы мінулы год, кажа, што яго пачатак, асабліва вясенні перыяд, быў вельмі цяжкім: даводзілася выязджаць па некалькі разоў на дзень на ўзгаранні сухой расліннасці, потым стала крыху лягчэй. Але, падкрэслівае вопытны ратавальнік, часцей за ўсё віной пажараў быў і застаецца чалавечы фактар: безгаспадарлівасць або, наадварот, залішняя ахайнасць, злоўжыванне алкаголем, курэнне ў ложку заўсёды прыводзяць да бяды. Уздзеянне ж словам мае сэнс толькі тады, калі сам чалавек клапоціцца пра ўласную бяспеку і разумее цану асабістага жыцця. А вось аўтаномны пажарны апавяшчальнік, упэўнены начальнік паста, рэч патрэбная і неабходная. Яе Павел Радзэвіч раіць устанавіць кожнаму і як прыклад прыгадвае выпадак у аграгарадку Опса, дзе такі прыбор уратаваў шматдзетную сям’ю.

Увогуле гісторый выратавання з трагічным і са шчаслівым зыходам у дрысвяцкіх «эмэнэсаўцаў» набярэцца не адзін дзясятак. Спектр дзейнасці шырокі: прыходзілася дапамагаць людзям, якія трапілі ў ДТЗ, выцягваць жанчыну з калодзежа ці ратаваць вяскоўцаў ад гадзюк альбо шэршняў. На шчасце, сёння ў ратавальнікаў ёсць усё неабходнае, каб аказаць патрэбную дапамогу, — тэхніка, баявое абмундзіраванне і абсталяванне. Дапамагае і сёлетняя «лёгкая» зіма: пры адсутнасці маразоў людзі не перацепліваюць печы і беражліва карыстаюцца электрапрыборамі, што, безумоўна, на карысць пажарным-ратавальнікам. Нягледзячы на гэта, байцы прывыклі спадзявацца толькі на сябе, і хоць у прыкметы асабліва не вераць, але праціраць мігалкі на машынах не будуць і чарговы раз.

ЗУСІМ НЕ ДАЙВЕРЫ

Сваім прафесійным святам Дзень ратавальніка лічаць не толькі супрацоўнікі органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, а і вадалазы, якія нават скардзяцца, калі ў народзе іх называюць дайверамі. У адрозненне ад апошніх ім зусім не прыходзіцца любавацца прыгажосцямі падводнага свету, а выконваць цяжкую і часта непрыемную работу, што нават не кожнаму па сіле.

Каб быць заўсёды падрыхтаванымі і своечасова прыйсці на дапамогу на вадзе, вадалазы-ратавальнікі трэніруюцца круглы год. Не выключэнне і тыдзень напярэдадні свята.

Сёлета нават у студзені возера Дрывяты, на беразе якога знаходзіцца Браслаўская выратавальная станцыя, свабодна хвалюецца ад ветру, а водную гладзь рассякаюць некалькі рыбацкіх лодак. Рыхтуецца, так бы мовіць, да зімовага спуску на ваду і вадалаз другога класа Павел Петкун, забяспечваць яго спуск будзе калега — вадалаз першага класа Леанід Трашчынскі (на здымку).

— Такога на маёй памяці яшчэ не было, — гаворыць начальнік выратавальнай станцыі Леанід Юрэнка, — каб і ў самы разгар зімы лёд яшчэ не скаваў азёры. Але нам вялікай розніцы няма: трэніравацца прасцей, ды і возера як на далоні. Вунь, бачыце, лодачнікі, іх мы ўжо не раз папярэджвалі, бо менавіта рыбакі на лодках у такое надвор’е нас хвалююць: лёду няма, аднак калі чалавек трапіць у сцюдзёную ваду, то наўрад ці выжыве. Безумоўна, у нас на такія экстранныя выпадкі ўсё напагатове: і катар, і ратавальнікі, ёсць і неабходныя сродкі, але дакладна гарантаваць, што паспеем, на жаль, мы ніколі не можам. Таму стараемся папярэджваць пра небяспеку як мага больш людзей, прыводзім прыклады і працягваем трэніравацца. Вадалазы-ратавальнікі сваю справу ведаюць!

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.