Якія навучальныя ўстановы выбіраюць для паступлення браслаўскія школьнікі

Новости
Летась са школ Браслаўскага раёна на шлях дарослага жыцця ступілі 183 адзінаццацікласнікі і 235 дзевяцікласнікаў.

Як правіла, выпускнікі 11 класаў мэтанакіравана паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Але студэнтамі становяцца толькі самыя падрыхтаваныя з іх. У мінулым годзе, напрыклад, у ВНУ паступілі 87 чалавек (летась — 86).

Сярод устаноў раёна традыцыйна ў лідарах гімназія: студэнтамі вышэйшых устаноў сталі каля 30 яе выпускнікоў (75 %), паступілі і 13 ( 50 %) навучэнцаў СШ № 1, а таксама 12 вучняў (40 %) з СШ № 2. Не адстаюць ад гарадскіх школ і сельскія. Добрымі вынікамі ўступнай кампаніі могуць ганарыцца Відзаўская і Слабодкаўская школы, дзе ў лік студэнтаў ВНУ трапілі адпаведна 44 % і 50 % выпускнікоў.

Па традыцыі большасць юных браслаўчан вырашылі ў будучыні стаць педагогамі і медыкамі. Пяць выпускнікоў паступілі ў ваенізаваныя вышэйшыя ўстановы. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на першым курсе розных факультэтаў цяпер навучаюцца восем будучых спецыялістаў вытворчай галіны. Пяць браслаўчан сёлета абралі польскія ўніверсітэты. Выпускніца першай гарадской школы стала студэнткай Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а былы вучань СШ № 2 — Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.

Акрамя гэтага, хлопцы і дзяўчаты Браслаўшчыны асвойваюць асновы маркетынгу і фінансаў, інфарматыкі і радыёэлектронікі, ветэрынарнай медыцыны, лясной прамысловасці і інш.

Сярод абраных ВНУ лідзіруюць сталічныя, на другім месцы — установы ў абласных цэнтрах.

Перавагу сярэдне-спецыяльным навучальным установам аддалі 88 чалавек, а 96 выпускнікоў сталі навучэнцамі ПТУ. Амаль палова з іх выбралі Відзаўскі прафесійна-тэхнічны каледж, выкарыстаўшы магчымасць атрымаць спецыяльнасць побач з домам.

Найбольш запатрабаванымі сярод юных браслаўчан сталі прафесіі будаўніка, электрагазазваршчыка, а таксама ў сферы машынабудавання, гандлю і эканомікі.

Далейшае навучанне ва ўстановах адукацыі раёна працягнулі 135 выпускнікоў базавай адукацыі. Зразумела, што ў 10-ы клас ідуць найбольш падрыхтаваныя дзеці, якія маюць высокую матывацыю і працуюць на вынік, таму годна паказваюць сябе на алімпіядах, цэнтралізаваным тэсціраванні і пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Алена ПЯТУШКА.