Майстар брыгады электраманцёраў: «У кожнага энергетыка павінна прысутнічаць адчуванне небяспекі»

Люди
Пра значэнне электрычнасці ў сучасным грамадстве і казаць не трэба. Усё і так зразумела: дастаткова гэтай нябачнай энергіі знікнуць хоць на некалькі хвілін, як звыклы рытм жыцця літаральна замірае.

Каб кожную секунду па павуціне электрычных правадоў у кожны адміністрацыйна-вытворчы будынак, дом ці кватэру паступаў ток, працоўную вахту няспынна нясуць энергетыкі. Сярод іх і брыгада аўтаматызацыі размеркавальных сетак (БАРС) Браслаўскага РЭС пад кіраўніцтвам майстра Вячаслава Яхімовіча.

«Барсаўцы» абслугоўваюць абсталяванне, праводзяць яго бягучы і капітальны рамонт на трансфарматарных падстанцыях, абедзвюх ГЭС, сочаць за спраўнасцю падземных кабельных ліній. А ў мінулым годзе, акрамя звычайных планавых работ, асноўная нагрузка лягла на плечы аўтаматызаванай брыгады ў горадзе: электраманцёры БАРС-1 з нуля зманціравалі электратэхнічнае абсталяванне на пяці падстанцыях, на дзвюх правялі мадэрнізацыю — замянілі на новае тое, што ўжо маральна ўстарэла. Значыць, электразабеспячэнне спажыўцоў будзе больш надзейным.

Літаральна кожны крок электраманцёраў суправаджае небяспека. Цікаўлюся ў майстра, што найперш неабходна, каб пазбягаць няшчасных выпадкаў.

— Спецыяльныя веды, няўхільнае выкананне тэхнікі бяспекі і прымяненне ўсіх неабходных абаронных сродкаў, — ні на секунду не задумваючыся, адказвае Вячаслаў. Пасля кароткай паўзы, праўда, дадае: — У кожнага энергетыка павінна прысутнічаць і адчуванне небяспекі. Побач з высокім напружаннем гэта, так сказаць, наша рабочае пачуццё.

Непарыўнасць тэорыі і практыкі — святое правіла энергетыкаў. З лістапада па сакавік адзін дзень у месяц увесь персанал РЭСа, нягледзячы на стаж і вопыт работы, праходзіць тэхнічную вучобу, падчас якой абнаўляе спецыяльныя веды і паўтарае алгарытмы выканання работ. Завяршаецца такая вучоба экзаменам. І ён далёка не адзіны, бо існуе яшчэ штогадовы па тэхніцы бяспекі, а таксама пасля рэгулярнага павышэння кваліфікацыі ў абласным вучэбным цэнтры РУП «Віцебскэнерга». Увогуле ж усе віды праверак ведаў персаналу электрасетак нават цяжка пералічыць. Але такі ўзмоцнены кантроль — гэта найперш за ўсё клопат кіраўніцтва энергетычнай галіны за здароўе і жыццё сваіх супрацоўнікаў. У прыватнасці, у Браслаўскім РЭСе на працягу многіх гадоў не здараліся няшчасныя выпадкі з работнікамі на вытворчасці.

Нягледзячы на вялікі аб’ём спраў з дакументацыяй, Вячаслаў Яхімовіч практычна заўсёды знаходзіцца на выездзе са сваімі «барсаўцамі». І гэта дадатковая гарантыя таго, што пад наглядам спецыяліста, які пачынаў працаваць у РЭСе электраманцёрам, а пасля атрымання дыплома Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі быў назначаны майстрам, электрамантажныя работы будуць выкананы якасна і з захаваннем усіх правілаў бяспекі. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.