Ранішнікі і падарункі. Браслаўшчына далучылася да акцыі «Нашы дзеці»

Новости
Дабрачынная навагодняя акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў Беларусі 11 снежня і завяршае сваё святочнае шэсце па краіне. Марафон дабрыні ўжо некалькі гадоў праходзіць пад патранатам Прэзідэнта нашай рэспублікі і радуе маленькіх беларусаў.

Па традыцыі ў навагодні час цудаў раённае аб’яднанне «Беларускі дзіцячы фонд» ладзіць для юных браслаўчан святочны ранішнік. Сёлета ён адбыўся ў другой гарадской школе.

Павіншаваць юных браслаўчан з надыходзячым святам завіталі і ганаровыя госці — старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Алена Бабінская, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. Н. Пучынская пажадала ўсім дзецям штодзень адчуваць любоў, пяшчоту і ўвагу сваіх бацькоў і верыць у здзяйсненне мар. Таксама яна заўважыла, што кожны год заўсёды будзе адметным найперш клопатам пра нашых дзяцей. Да гэтых віншаванняў далучылася і А. Бабінская, якая адзначыла, што на Браслаўшчыне яе маленькім жыхарам удзяляецца вялікая ўвага не толькі з боку мясцовых улад, але і грамадскіх аб’яднанняў. Так, раённая арганізацыя РГА «Белая Русь» выдзеліла 300 рублёў на навагоднія падарункі.

Каля тысячы дзяцей з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны сталі ўдзельнікамі галоўнай абласной ёлкі, якая адбылася ў канцэртнай зале «Віцебск».  Пабывала на ўрачыстасці і дэлегацыя браслаўскіх школьнікаў: 25 лепшых вучняў раёна з вялікім задавальненнем правялі там два незабыўныя дні. Сярод шчасліўцаў былі і вучні другой гарадской школы Аляксандр Сяргеевіч, Таццяна Шыдлоўская і Марат Дземідовіч.

Кульмінацыяй навагодняй акцыі з’яўляецца маштабнае мерапрыемства, што традыцыйна праходзіць у Палацы Рэспублікі.

Як заўжды, туды запрашаюць адораных і самых актыўных школьнікаў, дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных і прыёмных сямей, выхаванцаў дзіцячых дамоў. Пашчасціла сёлета і траім юным браслаўчанам — Кірылу Вадап’янаву і Валянціну Алёхну, вучням Відзаўскай СШ, а таксама Лізавеце Угарынка, вучаніцы Слабодкаўскай ЯССШ.

Як заўсёды, радасна, весела і гучна прайшоў святочны ранішнік для дзяцей супрацоўнікаў Браслаўскага цэха па вырабе сыру. Яскравае прадстаўленне, падрыхтаванае педагогамі і вучнямі СШ № 2, нікога не пакінула абыякавым.

Асабліва дзеці чакаюць цуд ў пераднавагоднія дні, і па добрай традыцыі кожны год менавіта ў гэты час прадстаўнікі мясцовай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і аб’яднанняў наведваюць святочныя мерапрыемствы, апякунскія і прыёмныя сем’і, уручаюць дзецям падарункі.

У Відзаўскі дзіцячы дом сямейнага тыпу напярэдадні Каляд і Новага года завіталі прыемныя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Сільчонак і старшыня Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Сінькевіч. З сабой яны прывезлі падарункі.

Для прыёмных дзяцей сям’і Кастэнка з Іказні добрымі чараўнікамі сталі старшыня райсавета, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ніна Пучынская і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Ірына Мацук, якія завіталі да іх у госці.

Не засталіся без увагі ў перадсвяточныя дні навучэнцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.  Прадстаўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 205 г. Браслава Беларусбанка разам з дырэктарам ЦКРНіР Ірынай Угарэнка наведалі сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, каб уручыць ім цацкі і салодкія падарункі.

Начальнік Браслаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Мікалай Сільчонак таксама завітаў да навучэнцаў ЦКРНіР, каб павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак, і падарыў цэнтру прыстасаванне для руху.