Як у Браславе сацработнікі дапамагаюць людзям з інваліднасцю зрабіць іх жыццё актыўным

Власть и общество
Наведвальнікі аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і суправаджальнага пражывання пры ТЦСАН творчыя, актыўныя і шчырыя. Яны ўмеюць цаніць кожную хвіліну жыцця і быць шчаслівымі, нягледзячы ні на што.

Загадчык гэтага аддзялення Ірына Максімовіч больш за 10 гадоў працуе ў сацыяльнай сферы і штодзень прыкладае шмат намаганняў, каб зрабіць жыццё сваіх падапечных больш лёгкім, насычаным, цікавым.

— Сёння наша аддзяленне, — расказвае І. Максімовіч, — на пастаяннай аснове наведваюць 43 чалавекі, якія могуць рэалізаваць сябе ў розных галінах. Усе яны розныя, але мы ўжо даўно сталі адзінай вялікай і дружнай сям’ёй.

Кожны жадаючы можа знайсці тут сабе занятак па душы, выбраўшы з 17 гурткоў і 8 клубаў. Многія ахвотна акунаюцца ў творчы працэс і пад кіраўніцтвам сацработнікаў ствараюць прыгожыя карціны з яйкавых скарлупін, джуту, стужак, вырабы з бісеру, тканіны ці паперы. Свае мастацкія здольнасці наведвальнікі аддзялення адточваюць у тэатральных і музычных гуртках, а дзякуючы валанцёрам з гімназіі паспяхова асвойваюць і камп’ютарныя тэхналогіі. Як сцвярджае суразмоўніца, гэтыя разнастайныя заняткі прыносяць наведвальнікам эстэтычную асалоду, супакойваюць нервовую сістэму, зараджаюць энергіяй і пазітывам. Таксама радасць і добрыя эмоцыі надаюць ім і цікавыя мерапрыемствы, у якіх яны самі і ўдзельнічаюць.

— Галоўная мэта нашай дзейнасці, — адзначае І. Максімовіч, — дапамагчы людзям з інваліднасцю спраўляцца са штодзённымі праблемамі, навучыць іх, улічваючы ўласныя фізічныя магчымасці, быць самастойнымі, каб не адчуваць сябе на абочыне жыцця.

Утульныя, па-хатняму абстаўленыя пакоі — таксама справа зацікаўленых супрацоўнікаў сацыяльнай установы. Тут ёсць фіта-бар, месца для рэлаксацыі, бібліятэка для інвалідаў па зроку, зона для заняткаў творчасцю. Усё гэта вынік карпатлівай работы адказных і сумленных сацработнікаў.

У наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання, адзначыла Ірына Максімовіч, шмат сяброў, якія актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі розных праектаў і аказваюць неацэнную дапамогу. Юныя валанцёры з гімназіі і другой гарадской школы пастаянна наведваюцца ў цэнтр з вясёлымі канцэртнымі праграмамі і цікавымі прадстаўленнямі. Сёстры-еўхарысткі з прыхода Нараджэння Маці Божай праводзяць гутаркі пра дабрыню і зло, абмяркоўваюць яны са сваімі падапечнымі і пытанні псіхалагічнага характару.

Па словах сацработніка, дзякуючы рэалізацыі двух міжнародных праектаў, плануецца абсталяваць пакой для рэлаксацыі, набыць спартыўныя трэнажоры і аўтамабіль.

— Нашы наведвальнікі, — кажа загадчык аддзялення, — вельмі дружныя і жыццярадасныя. Яны ніколі не пакідаюць сваіх сяброў сам-насам з праблемамі. Заўсёды прыходзяць у госці да тых, хто не можа выйсці з хаты, дапамагаюць ім па гаспадарцы, дзеляцца навінамі. З задавальненнем наведваюць розныя гарадскія мерапрыемствы. Іх добразычлівасць, таварыскасць і любоў да акружаючых могуць стаць добрым прыкладам для іншых фізічна здаровых людзей. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.