Як спартсмены з мінскай школы алімпійскага рэзерву трэніруюцца на базе Відзаўскага каледжа

Спорт и здоровье
Зімовыя канікулы заўсёды насычаны прыемнымі святамі і вясёлымі мерапрыемствамі. Але адпачываюць у гэтыя дні далёка не ўсе навучэнцы: юныя спартсмены працягваюць свае трэніроўкі ў адпаведных лагерах. Не першы год зручнай базай для будучых спартыўных зорак становіцца Відзаўскі каледж.

Адразу пасля навагодніх свят сюды прыехалі навучэнцы аддзялення таэквандо Мінскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Юным прыхільнікам гэтага баявога адзінаборства па 11 – 12 гадоў, але сярод іх ужо ёсць два кандыдаты ў майстры спорту і ўдзельнікі Клубнага чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у мінулым годзе ў Грэцыі. Нараўне з 11 хлопцамі таэквандо з задавальненнем займаюцца таксама і 7 дзяўчынак.

— Сюды мы прыехалі па рэкамендацыі дырэктара нашай школы, — кажа трэнер Антон Бабакоў, — і ніколькі не пашкадавалі. Тут вельмі камфортныя ўмовы пражывання, нас смачна кормяць, ды яшчэ ў прыгожай сталовай, а мясцовая выпечка не мае сабе роўных. Вялікая і зручная спартыўная зала дазваляе праводзіць патрэбныя трэніроўкі. А калі ўзнікаюць якія-небудзь пытанні, то адміністрацыя каледжа заўсёды ідзе нам насустрач, за што ёй вялікі дзякуй.

Дзень юных спартсменаў распісаны па хвілінах: пасля ранішняй двухгадзіннай трэніроўкі — абед, потым другая трэніроўка і вольны час.

Як адзначыла намеснік дырэктара каледжа Ніна Лапкоўская, калектыў ДПТК заўсёды рады стварыць сваім гасцям усе належныя ўмовы. Так, да іх паслуг спартыўная, трэнажорная і актавая залы, дзе яны трэніруюцца і адпачываюць. У планах — пазнаёміць сталічных школьнікаў з вучэбнай гаспадаркай, вальерамі і музеем установы, правесці аглядную экскурсію па наваколлі.

Задаволены такім адпачынкам і самі спартсмены. Фотаздымкі сваіх пакояў, сталовай і спартыўнай залы хлопчыкі і дзяўчынкі адсылалі бацькам, якія таксама станоўча ацанілі ўмовы знаходжання сваіх дзяцей падчас зімовых канікулаў. Ды гэта і не дзіўна, бо дзякуючы актыўнай дзейнасці адміністрацыі і педагагічнага калектыву каледж з’яўляецца сучаснай інавацыйнай і мадэрнізаванай спецыялізаванай установай адукацыі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.