У Браславе правялі «Калядныя сустрэчы»

Власть и общество
У мінулую нядзелю многія браслаўчане з асаблівым прадчуваннем спяшаліся ў Браслаўскую гімназію, дзе ў па-святочнаму ўбранай актавай зале ладзілася адно з самых душэўных мерапрыемстваў года — «Калядныя сустрэчы – 2020». На канцэртную праграму сабраліся прадстаўнікі раённай улады, мясцовае духавенства, кіраўнікі і работнікі ўстаноў і арганізацый, жыхары і госці горада.

Пачалося мерапрыемства з выступлення благачыннага Браслаўскай акругі, настаяцеля Свята-Успенскай царквы протаіерэя Міхаіла Каляды.

Ён шчыра павіншаваў прысутных з Нараджэннем Хрыстовым, пажадаў абавязкова здароўя, каб моцнае цела магло паслужыць для богаўгодных спраў, а таксама міру ў сем’ях і ў сэрцах. Благачынны адзначыў:

— Людзі звычайна радуюцца хрысціянскім святам, маючы Бога ў душы. Але сустракаюцца і тыя, хто нічога гэтага не прымае. Няхай жа пуцяводная Віфліемская зорка пакажа ім шлях да Бога, скіруе да дабрыні і міласэрнасці.

Узнёслы святочны настрой віншавання падхапілі юныя і дарослыя артысты — выхаванцы і педагогі цэнтра дзяцей і моладзі, дзіцячай школы мастацтваў, навучэнцы гарадскіх школ, артысты Раённага цэнтра культуры.

Першымі на сцэну выйшлі навічкі — вучні, якія наведваюць нядзельную школу пры СвятаУспенскай царкве. Яны кранальна і з дзіцячай непасрэднасцю прадэкламавалі верш пра дабро. А далей гледачоў чакаў цэлы калейдаскоп яркіх выступленняў: песні ў выкананні салістаў і вакальных груп змяняліся інструментальнымі нумарамі, зноў чуліся напоўненыя глыбокім сэнсам вершаваныя радкі — артысты парадавалі сваімі талентамі прысутных, якія не шкадавалі далоней, шчырымі апладысментамі выказваючы свае ўражанні.

Цудоўны святочны канцэрт чарговы раз нагадаў браслаўчанам пра духоўнасць, галоўныя чалавечыя каштоўнасці і напоўніў душы гледачоў самымі светлымі і радаснымі пачуццямі. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.