У Браславе на базе карэкцыйнага цэнтра прайшоў семінар, прысвечаны адаптацыі дзяцей-аўтыстаў

Власть и общество
На жаль, здараюцца выпадкі, калі ў паняцце «асаблівае дзіця» ўкладваецца зусім не той сэнс, на які разлічваюць бацькі. І як гром сярод яснага неба гучыць дыягназ — аўтызм.

У Беларусі жывуць каля 10 тыс. дзяцей з гэтым генетычным захворваннем. Ёсць такія і ў нашым раёне. Усе яны знаходзяцца пад наглядам медыкаў і педагогаў. Дашкаляты наведваюць дзіцячы сад, а старэйшыя дзеці вучацца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Пытанням адаптацыі дзяцей-аўтыстаў у соцыуме быў прысвечаны адкрыты дыялог, які прайшоў на базе цэнтра. У размове ўдзельнічалі спецыялісты і педагогі ўстаноў адукацыі, а таксама бацькі. Дырэктар ЦКРНіР Ірына Угарэнка ў пачатку сустрэчы адзначыла, што наша дзяржава аказвае значную падтрымку і дапамогу дзецям з інваліднасцю і іх сем’ям. Яскравы доказ таму — найлепшыя ўмовы для рэабілітацыі і навучання, якія створаны на Браслаўшчыне.

Так, абсталяванне цэнтра пастаянна папаўняецца новымі развіваючымі цацкамі, гульнямі, трэнажорамі, спартыўным інвентаром. Ва ўстанове працуе дзейны калектыў сапраўдных прафесіяналаў, якія дапамагаюць сваім вучням адаптавацца ў навакольным асяроддзі, праводзяць псіхалагічную работу з бацькамі «асаблівых» дзяцей. Трэба адзначыць, што і адносіны грамадства да людзей з інваліднасцю змяніліся ў лепшы бок. Ужо нікога не здзіўляе, калі і дзеці здаровыя, і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця разам гуляюць, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах.

Абмеркавалі ўдзельнікі адкрытага дыялогу і важнасць выяўлення сімптомаў аўтызму ў дзяцей на ранняй стадыі. Сапраўды, чым раней спецыялісты пачнуць займацца з малымі, тым большы шанс, што яны хутчэй змогуць адаптавацца ў грамадстве. Супрацоўнікі цэнтра прапанавалі прысутным розныя метады і формы работы з аўтыстамі, адказалі на пытанні бацькоў і педагогаў.

На працягу ўсёй размовы чырвонай ніткай праходзіла думка, што пры своечасовай дыягностыцы захворвання і граматнай карэкціроўцы яго сімптомаў дзеці з аўтызмам здольны вучыцца ў звычайнай школе, сябраваць, упраўляцца з камп’ютарам і мабільным тэлефонам, знаходзіць сябе ў творчасці і спорце. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.