Протаіерэй Міхаіл Каляда наведаў насельнікаў Браслаўскага дома-інтэрната

Власть и общество
З даўніх часоў у вернікаў існуе звычай падзяляць радасць вялікіх хрысціянскіх свят з роднымі і блізкімі. У дні калядных святак, калі паўсюль пануе ўзнёслы настрой, у царкоўных прыходах Браслаўшчыны не забываюцца і пра тых, каму асабліва патрэбна духоўная падтрымка, — адзінокіх састарэлых і людзей з інваліднасцю, якім па волі лёсу давялося жыць у сацыяльных установах. Сёстры міласэрнасці і прыхаджане падрыхтавалі для іх больш за 200 калядных падарункаў.

У мінулую суботу благачынны Браслаўскай акругі протаіерэй Міхаіл Каляда наведаў насельнікаў Браслаўскага дома-інтэрната і аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Барунах, а таксама нямоглых і хворых, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках у абласной псіхіятрычнай бальніцы «Слабодка» і мясцовай ЦРБ. Бацюшка зайшоў у кожны пакой, асабіста павіншаваў усіх са светлым і радасным святам Нараджэння Хрыстова і ўручыў невялікія салодкія падарункі. Прыемна ўражаны былі пастаяльцы і іншых веравызнанняў: протаіерэй Міхаіл не абмінуў нікога, кожнаму з іх знайшоў добрае слова. Пажылыя людзі шчыра дзякавалі за такую ўвагу.

Завітаў суботнім днём благачынны і да моладзі. У Браслаўскім супрацьтуберкулёзным цэнтры бацюшка Міхаіл павіншаваў падлеткаў з вялікім святам. Хлопцы і дзяўчаты з цікавасцю паслухалі расказ пра галоўнага зімовага персанажа Дзеда Мароза і яго рэальнага прататыпа, які жыў шмат стагоддзяў таму назад, — святога Мікалая Цудатворца. Закончылася сустрэча ўручэннем калядных падарункаў. ■

Тэкст і фота Жанны БЯЛЬКО.