Працаўнікі фермы «Усяны» першымі на Браслаўшчыне прынялі акцыю «Наш жывёлавод»

Власть и общество
На Браслаўшчыне ўжо некалькі гадоў запар падчас зімова-стойлавага перыяду райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ладзіць акцыю «Наш жывёлавод». Мэта рэспубліканскага мерапрыемства — дайсці да кожнай фермы, незалежна ад яе вытворчых паказчыкаў, правесці гутаркі ў працоўных калектывах, адзначыць лепшых работнікаў, па магчымасці ўручыць падарункі даяркам, цялятніцам, даглядчыкам.

Першым, каго ў гэтым годзе наведаў раённы лідар галіновага прафсаюза Мікалай Вялічка, стаў калектыў малочнатаварнай фермы «Усяны» ААТ «Мяжаны». Тут адначасова ўтрымліваецца каля 340 галоў БРЖ, 205 з якіх — дойныя каровы. На базе гэтай фермы створана група раздою з 140 цёлак. Абслугоўваюць гэты статак усяго 8 чалавек. Загадчыца фермы Ірына Глушакова расказала, што калектыў падабраўся дружны і працавіты, усе работнікі ведаюць свае абавязкі і бездакорна выконваюць іх.

Мікалай Вялічка пацікавіўся санітарна-бытавымі ўмовамі на ферме, спытаў пра праблемы, падзякаваў жывёлаводам за іх цяжкую працу. Прафсаюзны лідар нагадаў, што ў работнікаў, акрамя абавязкаў, ёсць і правы, напрыклад, на атрыманне спецадзення ці час для адпачынку ў цёплым памяшканні. Для таго, каб адпачынак жывёлаводаў быў насычаны сяброўскімі гутаркамі за кубачкам гарачай гарбаты, Мікалай Вялічка падарыў калектыву фермы «Усяны» электрычны чайнік і чайны сервіз. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.