Ніна Пучынская і Вольга Вялічка завіталі з навагоднімі падарункамі да выхаванцаў Відзаўскага дома сямейнага тыпу

Власть и общество
Штогод дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» прыносіць хлопчыкам і дзяўчынкам шмат весялосці, шчаслівых момантаў і сюрпрызаў. Каб выхаванцы Відзаўскага дома сямейнага тыпу таксама адчулі сапраўднае чараўніцтва і паверылі ў цуд, у навагоднія і калядныя дні да іх наведваліся госці.

Да дзяцей і іх выхавальніцы завітала старшыня райсавета, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ніна Пучынская і намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка. І не з пустымі рукамі, а з падарункамі і саладосцямі.

Гаспадары былі вельмі рады жаданым гасцям, ветліва іх сустракалі, меншыя нават абдымалі. Каля ўпрыгожанай ёлкі хлопчыкі і дзяўчаткі з ахвотай расказалі вершы. Госці пацікавіліся ўмовамі пражывання выхаванцаў. Прыемна ўразіла, што ўсюды пануе парадак: адзенне акуратна складзена на паліцах у шафе, на сталах ляжаць кнігі, алоўкі і ручкі, цацкі знаходзяцца ў адведзеных для іх месцах. Мноства хатніх кветак на падаконніках і акварыум з рыбкамі ствараюць атмасферу ўтульнасці і спакою. У калідоры на сцяне вісяць дзіцячыя работы, пакоі пасвяточнаму ўпрыгожаны рознакаляровым дожджыкам.

За кубачкам духмянай гарбаты гаспадыня дома Святлана Дземіткевіч расказала пра сваіх выхаванцаў, іх захапленні, поспехі ў вучобе, падзялілася радаснымі момантамі і праблемамі. Шмат слоў удзячнасці яна выказала тым людзям, што актыўна дапамагаюць у высакароднай справе. Гэта і мясцовыя жыхары, якія дзеляцца ўласнай агароднінай і садавіной, частуюць дзяцей прысмакамі. А нядаўна браслаўчанін ахвяраваў сацыяльнай установе 400 рублёў, на якія набылі швейную машынку і пасцельную бялізну.

На развітанне Ніна Пучынская і Вольга Вялічка павіншавалі ўсіх са святамі, пажадалі здароўя, поспехаў і спаўнення жаданняў.

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.