На Браслаўшчыне стартавала патрыятычная акцыя «У славу агульнай Перамогі»

Актуальное Вялікай Перамозе - 75
Нагадаем, у рамках ініцыятывы з кожнага беларускага воінскага пахавання часоў Вялікай Айчыннай плануецца ўзяць, каб пазней сабраць у адным месцы, па жмені зямлі. Тэрытарыяльнай квінтэсэнцыяй народнай памяці абраны храм Усіх Святых, што ў Мінску: менавіта тут 9 мая пройдуць галоўныя ўрачыстасці.

Тым часам працэдура забору зямлі ідзе па ўсёй краіне. Далучыўся да гэтай важнай справы і наш раён.

Першыя адзнакі ў вялікім спісе з’явіліся з паметкай «Мяжанскі сельсавет». Менавіта на яго тэрыторыі ў мінулую пятніцу крупінкі грунту з двух воінскіх пахаванняў урачыста занялі сваё месца ў спецыяльных лампадках. Кожную ёмістасць дакументальна суправадзілі складзеным тут жа актам.

Дзейству папярэднічаў невялічкі мітынг, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, ваеннаслужачыя пагранічнай заставы «Урбаны», актыў сельсавета, моладзь. «Сімвалічна, што мы пачынаем рэалізацыю акцыі менавіта адсюль, з воінскага пахавання № 4052 у Зараччы, — яно самае масавае на Браслаўшчыне: пад гэтымі плітамі пахаваны 1 186 абаронцаў Айчыны», — адзначыла старшыня райсавета Ніна Пучынская, якая таксама прыняла самы непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве.

Аналагічна прайшоў забор зямлі з пахавання № 5724, што ў вёсцы Злота. І тут, і ў Зараччы ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

Права напоўніць лампадку тым часам было прадастаўлена маладым браслаўчанам — пагранічніку і навучэнцы гімназіі. Атрымалася своеасаблівая повязь памяці і пакаленняў.

Акцыя працягваецца. У хуткім часе яе эстафету прымуць іншыя сельсаветы.

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.