«Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі». Асноўныя вехі станаўлення раёна

Актуальное Браславскому району — 80 лет

На фота: Работнікі райвыканкама ля ўвахода ў будынак. 1946 год.

Сёлета наш раён адзначае значны юбілей — 80-годдзе з дня свайго заснавання. У праекце «Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі» мы будзем расказваць пра асноўныя вехі станаўлення раёна, успамінаць падзеі і людзей, якія стваралі яго.

Тэрыторыя Браслаўскага раёна ўвайшла у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў верасні 1939 года пасля далучэння Заходняй Беларусі. Але першым часам тут захоўвалася старое адміністрацыйнае дзяленне. Браслаў быў цэнтрам павета, у які ўваходзілі Слабодкаўская, Іказненская, Плюская і некаторыя іншыя воласці. Адметным днём для рэгіёна стала 15 студзеня 1940 года, калі быў прыняты Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб утварэнні Браслаўскага, Відзаўскага і іншых раёнаў.

Спачатку ў склад Браслаўскага раёна ўвайшлі 19 сельсаветаў, а у склад Відзаўскага — 11. Дарэчы, тады на тэрыторыі Браслаўшчыны жылі больш за 46 тысяч чалавек, а ў самім Браславе — 3 897 і налічвалася 640 жылых пабудоў. Працавала невялікая электрастанцыя на каменным вуглі, млын, цагельня, і тры пякарні. У горадзе на той час дзейнічала сярэдняя школы, а таксама дзве пачатковыя, клуб, кінатэатр, пошта-тэлеграф, бальніца на 85 ложкаў, санстанцыя, лазня, водная станцыя, друкарня, 3 сталовыя.

На кіруючыя пасады назначаліся прадстаўнікі Усходняй Беларусі, Расіі і Украіны. Першым сакратаром РК КПБ стаў Пётр Пячэнка, які кіраваў раёнам да 30 чэрвеня 1941 года.

З цягам часу з’явілася патрэба ў змяненнях у адміністрацыйным дзяленні тэрыторыі, а таму Браслаўскі і Відзаўскі раёны (якія пасля свайго ўтварэння ўваходзілі ў Віленскую вобласць) у верасні 1944 года былі перададзены ў склад Полацкай вобласці, а ў студзені 1954-га яны сталі адносіцца да Маладзечненскай вобласці. Зліццё двух раёнаў у адзін адбылося 20 студзеня 1960 года згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Тады ж новаўтвораны Браслаўскі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці.

Цікава, што на гэтым адміністрацыйныя пераўтварэнні не скончыліся. У 1964 годзе да Браслаўскага раёна далучылі Друйскі пассавет, які раней адносіўся да Мёрскага раёна, часова ў склад Браслаўшчыны ўваходзілі Ёдскі і Більдзюжскі сельсаветы, якія былі зноў аднесены да шаркаўшчынскай тэрыторыі ў 1966 годзе.

Паводле архіўных даных.

Фота з фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў.