Браслаўскія настаўнікі прынялі ўдзел у Рэспубліканскім калядным фестывалі педагагічнага майстэрства

В свободное время
У снежні ўжо мінулага года прадстаўнікі гімназіі Вольга Лукша, Мая Дароніна і Дзмітрый Мацкевіч прынялі актыўны ўдзел у ІХ Рэспубліканскім калядным фестывалі «Педагагічныя тэхналогіі — сучасна, эфектыўна, вынікова». Арганізатарамі форуму настаўнікаў выступіла Акадэмія паслядыпломнага навучання і ГА «Беларускае педагагічнае грамадства».

Як адзначыла В. Лукша, гэты фестываль праводзіцца даўно і заваяваў шырокую папулярнасць сярод педагагічных работнікаў. Так, сёлета ўдзел у ім прынялі 400 настаўнікаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі. На працягу двух дзён у рамках фестывалю прайшло каля 100 мерапрыемстваў. Гэта майстар-класы, урокі для дарослых, спецыяльныя студыі, інтэрактыўныя перапынкі. У якасці вядучых выступілі 130 педагогаў краіны.

Падзяліліся вопытам сваёй дзейнасці і браслаўскія настаўнікі. Падчас работы секцыі «Замежная мова» Вольга Лукша запрасіла сваіх калег у цікавае віртуальнае падарожжа па краінах свету, а Мая Дароніна абмеркавала з прысутнымі ідэі стварэння «Кнігі Свету». — Сапраўдным педагогам, — кажа В. Лукша, — застаешся толькі тады, калі пастаянна вучышся сам. А ўдзел у такім маштабным фестывалі дае магчымасць папоўніць сваю скарбонку метадычных прыёмаў, пашырыць прафесійныя знаёмствы, а таксама падзяліцца вопытам з калегамі. ■

Алена ПЯТУШКА.