«Браслаў — маё жыццё, мае любімыя бацькі, мой дом. Браслаў — мая адзіная радзіма»

Новости
Цэлы год мы з вамі, паважаныя чытачы, вандравалі па розных населеных пунктах раёна, знаёміліся з іх жыхарамі і даведваліся, за што яны любяць свае родныя мясціны. У апошнім выпуску праекта «Год малой радзімы» мы задалі аналагічныя пытанні жыхарам Браслава, які, дарэчы, у 2020 годзе святкуе 955-гадовы юбілей.

Ганна БАЗАРЭВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў:

— За што я люблю Браслаў? Мой адказ можа быць паэтычным: за маляўнічасць прыроды, за блакітнае люстэрка азёр, за тое, што я тут нарадзілася. Аднак хачу падзяліцца тым, як менавіта я адчуваю Браслаў.

Як гісторык шаную і люблю наш горад за яго мінулае. Часам мару пра тое, каб хоць на гадзінку апынуцца ў Браславе, калі ён быў фарпостам першай беларускай дзяржавы. А паглыбляючыся ў даследаванні розных перыядаў, пачынаю заўважаць старыя падмуркі, што памятаюць галасы браслаўцаў стагадовай даўніны, уяўляю, як гучыць на вуліцах беларуская, яўрэйская і польская мовы. Так горад размаўляе са мной, распавядае пра сваё жыццё.

Я люблю Браслаў за яго самадастатковасць і незалежнасць. Горад развіваецца, прыгажэе, але не губляе ўласцівых менавіта яму рыс. Мне падабаецца, што ён гасцінны, што сюды любяць прыязджаць госці: турысты, аматары адпачынку на вадзе, выпадковыя вандроўнікі. Але мне і падабаецца, што яны з надыходам восені вяртаюцца ў свае краі, забраўшы добрыя ўспаміны і пакінуўшы Браславу спакойны і размераны лад.

Адзін знаёмы даследчык фальклору калісьці мне сказаў, што Браслаў вельмі цяжка «разгаварыць», што людзі «замкнутыя». А мне прыемна гэта чуць. Людзі не замкнутыя, а самадастатковыя, берагуць сакральнасць, непасрэдна мысляць, яны маюць прамую сувязь з горадам, якую ніколі не адчуе чужынец. І гэты скарб можна бачыць у творчасці браслаўчан, іх фотаздымках, жывапісе, вершах, паўсядзённых размовах. Я ведаю, што мы здольныя захаваць сваю адметнасць і без штучнага падтрымання.

Браслаў — маё жыццё, мае любімыя бацькі, мой дом. Браслаў — мая адзіная радзіма. Я адчуваю яго ўзаемную любоў, калі расказваю гісторыю, калі рэпрэзентую мінулае, калі ранкам, ідучы на працу, вітаюся з незнаёмай жанчынай, калі заўважаю старую дранку на страсе. Я веру, што здолею даць гораду ўсё лепшае, што змагу.

Алена ЗУБКО, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Браслаўскага раёна:

— Вызначальным у маім лёсе стаў 2009 год. Менавіта тады я прыехала на працу ў Браслаў маладым спецыялістам. Ужо роўна 10 гадоў, як я стала часцінкай нашага цудоўнага горада. За гэты час з’явіліся тут блізкія сябры, і іду на сваю працу з радасцю, бо адчуваю прыемны дотык да таго, што таксама пішу летапіс браслаўскага краю.

У Браславе мяне зачароўвае ўсё: яго прыгажосць у звілістых вулачках, люстэркавасць блакітных азёр, сасновы водар лясоў. З цягам часу я выявіла месцы, дзе магу адпачываць душой і зараджацца энергіяй. Так, у мяне ёсць свая маленькая радзіма, дзе жывуць мае бацькі, але менавіта ў Браславе я склалася як асоба, у мяне з’явілася ўласнае жыллё, дзе я гаспадыня і з радасцю прымаю гасцей. Па родзе сваёй працы мне даводзіцца займацца арганізацыяй вольнага часу мясцовых жыхароў, і, праводзячы мерапрыемствы, заўсёды адчуваю сябе часткай агульнай сям’і гараджан. Цяпер, калі недзе гучаць навіны пра дасягненні і перамогі браслаўчан, заўсёды ганаруся, што гэта мае землякі.

За дзесяцігоддзе, што я жыву тут, Браслаў істотна змяніўся. Цяпер гэта сучасны еўрапейскі горад. У святочныя дні ён выглядае асабліва натхняльна. Я жадаю, каб і надалей Браслаў квітнеў і славіўся. У наступны, юбілейны год хочацца, каб горад жыў святочным настроем, а браслаўчане ганарыліся сваёй малой радзімай! ■

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.