Вучні Слабодкаўскай ЯССШ атрымалі падарункі з Францыі

Отдых
Больш за сем гадоў Слабодкаўская ЯССШ супрацоўнічае з асацыяцыяй «Францыя — Расія — краіны СНД» з г. Нэвэр, які знаходзіцца ў Бургундыі. Неаднойчы яе члены наведвалі мясцовую ўстанову адукацыі. Прыязджалі яны і сёлета.

Як расказала настаўніца французскай мовы Святлана Ракіцкая, асабліва было прыемна, што да іх завітала прэзідэнт асацыяцыі спадарыня Мішэль Піа, якая ўнесла значны ўклад у метадычнае забеспячэнне Слабодкаўскай школы. Дзякуючы ёй бібліятэка кабінета французскай мовы налічвае цяпер больш за 200 выданняў. Гэта энцыклапедычныя даведнікі, кнігі па граматыцы, слоўнікі ў малюнках, творы класікаў, коміксы, літаратура для дзяцей, казкі, праспекты.

Мішэль Піа правяла ўрокі і майстаркласы для вучняў, якія актыўна і з цікавасцю ўдзельнічалі ў навучальным працэсе.

У сваю чаргу гаспадары правялі для гасцей экскурсію па Слабодцы і яе наваколлі. А ў браслаўскім музеі традыцыйнай культуры французы з цікавасцю разглядалі старажытныя прылады земляробства, рэчы з саломкі, зробленыя рукамі таленавітых майстроў, карціны мясцовых мастакоў. Пад кіраўніцтвам супрацоўніка музея з захапленнем рабілі паясы, якія забралі ў Францыю. На Замкавай гары яны паслухалі легенды і паданні пра гісторыю горада. Цікавай была для іншаземцаў і паездка ў г. п. Відзы: перш за ўсё тым, што там таксама выкладаецца французская мова. Відзаўскія школьнікі віталі замежных гасцей цудоўным канцэртам, на якім гучалі песні на французскай, нямецкай, польскай і беларускай мовах. Уразіў французаў відзаўскі касцёл, адзін з самых высокіх у Беларусі, і Свята-Мікалаеўская царква.

— Госці пакідалі нашу Браслаўшчыну ўзрушанымі да слёз, — кажа С. Ракіцкая, — бо вельмі ім спадабалася гасціннасць, спагада і шчырасць беларусаў, і ў першую чаргу прымаючых сямей. Ліст падзякі за цёплы прыём быў уручаны ад імя асацыяцыі дырэктару школы, а за якаснае і смачнае харчаванне — калектыву сталовай.

Напярэдадні ж калядных і навагодніх свят з Францыі ў школу прыйшла пасылка з падарункамі. Падчас лінейкі іх уручылі вучням, якія ўдзельнічалі ў конкурсе паштовак для французскіх сяброў. З прыемнымі ўражаннямі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі памятныя прэзенты. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.