Як ідзе працэс пастаноўкі тэхнікі на зімовае ўтрыманне ў гаспадарках Браслаўскага раёна

Деньги
Як гаспадар адносіцца да сельгастэхнікі зімой, тым жа яна аддзячыць яму вясной. Гэтая тэорыя з году ў год пацвярджаецца на практыцы. Пастаноўка транспарту, навясных агрэгатаў, прычапнога абсталявання на зімовае ўтрыманне павінна праходзіць як след і своечасова. Таму кожны год пасля заканчэння палявых работ сельгаспрадпрыемствы займаюцца менавіта гэтай справай. Як ідзе працэс пастаноўкі тэхнікі ў гаспадарках раёна, расказаў галоўны дзяржаўны інспектар па наглядзе за тэхнічным абслугоўваннем транспарту і абсталявання ўпраўлення райсельгасхарча Леанід Заяц:

— Сёлета, як і ў папярэднія гады, не было пытанняў у «Маяку Браслаўскім», «Агравідзах» і «Друйскім». Кіраўніцтва гэтых арганізацый цэніць тое, што мае, і беражліва адносіцца да дарагой тэхнікі і абсталявання. Дарэчы, не так і многа работы трэба зрабіць, каб арганізаваць зімоўку правільна: вымесці смецце, змазаць ланцугі, паслабіць рамяні, зняць колы і пакрыць іх вапнай. Тым не менш, некаторыя кіраўнікі з году ў год ігнаруюць гэтыя элементарныя патрабаванні. Напрыклад, дырэктар ААТ «Слабодка-агра» мае наконт пастаноўкі тэхнікі сваё асабістае меркаванне, якое не супадае з агульнапрынятымі нормамі, і таму пастаянна губляе шмат часу на элементарнай рабоце.

У «Бярозавым краі» і «Браслаўскім» адсутнічае самаарганізацыя, тэхніку ставілі марудна, пастаянна прыходзілася прыспешваць кіраўніцтва. Да таго ж у апошняй гаспадарцы паўстала пытанне з аднаўленнем мехмайстэрні і арачніка для тэхнікі. Будынкі вельмі старыя, там тэрмінова неабходна правесці рамонт дахаў, а сапраўдная зіма з маразамі ўжо не за гарамі. Пра гэта трэба было б падумаць загадзя.

Абы-як праходзіць пастаноўка тэхнікі ў ААТ «Мяжаны». Там складанасць у тым, што дзве гаспадаркі — «Мяжаны» і «Альшанка» — аб’ядналіся толькі на паперах. Калі мяжанская тэхніка неяк падрыхтавана да зімоўкі, то ў былой «Альшанцы» і конь не валяўся. У «Відзаўскім» хоць дырэктар сам па адукацыі інжынер і пачынаў працоўны шлях з гэтай пасады, але ці да канца не разумее, што трэба зрабіць усё па правілах, ці проста не можа граматна арганізаваць працэс пастаноўкі агрэгатаў.

Што датычыцца спісання старой непрацуючай тэхнікі, то тут зноў узніклі непаразуменні з кіраўніцтвам ААТ «Мяжаны» і «Бярозавага краю». У гэтай справе не трэба траціць шмат грошай і сіл — усяго толькі правільна аформіць дакументы, але і гэтае пытанне пакуль застаецца нявырашаным.

Увогуле, адзначу, што ў нас штогод марудна ідзе пастаноўка машын на зімоўку. Чамусьці не ўсе кіраўнікі разумеюць, што, каб вясной пачаць сезон своечасова і з рабочай тэхнікай, зімой трэба пра яе паклапаціцца.

Фота Вольгі ПАТАПОВІЧ.