Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад (снежань 1974-га)

Калейдоскоп

САРДЭЧНАЯ ПАДЗЯКА

У адрас Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі паступіла тэлеграма Ленінградскага абкама КПСС, у якой ад імя жыхароў горада на Няве выказана сардэчная падзяка Цэнтральнаму Камітэту КПБ, кіраўнікам партыйных, савецкіх, сельскагаспадарчых органаў, усім працаўнікам сельскай гаспадаркі Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей за паспяховае выкананне дадатковага задання пастаўкі бульбы Ленінграду.

І АТЭСТАТ, І СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЬ

Каля 15 гадоў таму назад у сярэдняй школе імя А. М. Жданава ўзялі курс на прафарыентацыю вучняў і абсталявалі аўтаклас, у якім займаліся старшакласнікі. Тады ён быў, праўда, даволі прымітыўны, і заняткі па аўтасправе праводзіў адзін выкладчык, які быў і інструктарам па ваджэнні. Цяпер у школе ўзведзена спецыяльнае памяшканне, у выкладчыцкім саставе — 5 чалавек. Сёлета тут займаюцца 300 вучняў 9 — 10 класаў, многія з іх стануць вадзіцелямі.

УРАЧЫСТЫ ВЕЧАР

У гонар Дня Савецкай Канстытуцыі ў Друйскім СПТВ адбыўся ўрачысты вечар. Навучэнцы праслухалі даклад пра самую дэмакратычную Канстытуцыю ў свеце, пра правы і абавязкі савецкіх грамадзян. Потым вызначылі пераможцаў спаборніцтва за лепшае ўтрыманне сваіх пакояў: яны будуць узнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі. Правялі і конкурс на лепшага чытальніка. А ў заключэнне адбыўся канцэрт, які падрыхтавалі да свята самі навучэнцы.

АБ’ЯЗНУЮ… АБ’ЯЗДЖАЮЦЬ

Цяпер вялікая ўвага ўдзяляецца барацьбе з шумам у гарадах і пасёлках, бо ён перашкаджае людзям адпачываць, нервуе іх, адмоўна адбіваецца на здароўі і прадукцыйнасці працы. Аднак гэта не датычыцца вуліцы Ленінскай. Ужо а палове пятай раніцы імчаць па ёй ПАЗы і ЛАЗы аўтабазы № 18, праз гадзіну выходзяць у рэйс ЗІЛы, МАЗы і г. д. — дрыжыць зямля, трасуцца сцены ў дамах. А вось па аб’язной дарозе на беразе Дрывят шафёры не едуць: ім некалі, яны ж спяшаюцца.

ПРАЦОЎНАЯ ПЕРАМОГА МЕЛІЯРАТАРАЎ

Пераўтвараецца зямля Браслаўшчыны, адступаюць балоты і хмызнякі. Вякамі пераўвільготненая глеба робіцца прыдатнай для вырошчвання збожжавых і іншых культур. Але не самі сабой абуджаюцца да жыцця раней непрыгодныя абшары: іх скараюць меліяратары Браслаўскага БМУ. Яшчэ ў самым пачатку дзявятай пяцігодкі тут разгарнуўся рух за датэрміновае выкананне яе заданняў. Ужо 8 механізатараў перавыканалі свае пяцігадовыя планы менш чым за 4 гады.

АКРУЖАНЫ КЛОПАТАМІ

Часам дзіва бярэ, як гэта да Савецкай улады нараджэнне ў сям’і дзіцяці, асабліва дзяўчынкі, было горам. Гэта ж яшчэ адзін лішні рот, а хлеба і так не хапала. Зусім іншы малюнак сёння. Дзеці акружаны клопатам і ўвагай. Да іх паслуг сады і яслі, школы і бальніцы, піянерскія лагеры і спартыўныя збудаванні. Асабліва вялікая ўвага ўдзяляецца мнагадзетным сем’ям, адзінокім маці. У нашым раёне такіх 468, ім штомесяц выплачваецца звыш 2 200 рублёў дапамогі.

АД РЭДАКЦЫІ

– Газета спазнілася па віне тых работнікаў электрасетак, якія, нягледзячы на неаднаразовыя напамінанні і просьбы, нясвоечасова адрамантавалі лінію, што сілкуе паліграфмашыны друкарні.

– Калектыў тыпаграфіі «Браслаўскай звязды» па стане на 19 снежня выканаў гадавы вытворчы план і абавязуецца дадаткова выпусціць прадукцыі на 300 руб., а на сэканомленай паперы — разавы тыраж газеты.

НА ПАРОЗЕ НОВЫ ГОД…

Заканчваецца 1974-ы. На парозе Новы год. Паўсюдна ідзе дзейная падрыхтоўка да яго сустрэчы. Так, 31 снежня ў Доме культуры адбудзецца традыцыйны баль-маскарад. Разнастайная і цікавая яго праграма: выступленні артыстаў, конкурсы спевакоў, танцораў і чытальнікаў, атракцыёны, гульні, уручэнне прызоў за лепшы карнавальны касцюм. «Камандаваць парадам» будуць Дзед Мароз, Снягурачка і іх памочнікі. Днём 1 студзеня РДК аддаецца ў распараджэнне дзяцей. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.