Даследчая праца вучня 6 класа Кансталінскай школы ўзнагароджана дыпломам на рэспубліканскім конкурсе

Люди
Гісторыя роднага краю і памяць пра яго мінулае — асноўныя прыярытэты краязнаўцаў любога пакалення. Таму яны заўсёды шукаюць цікавыя звесткі і факты, якія дапаўняюць адзіную гістарычную мазаіку. Вось і вучні Кансталінскай базавай школы з цікавасцю даследуюць мінулае Браслаўшчыны, і іх дзейнасць не аднойчы адзначалася як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўнях.

На днях даследчая праца вучня 6 класа Міхаіла Данілава «В дыму войны сошлись дороги», якую ён падрыхтаваў пад кіраўніцтвам краязнаўцы Віктара Бунты і настаўніцы рускай мовы і літаратуры Галіны Вайтанец, узнагароджана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе «Скарбонка краязнаўчых знаходак».

— У сваёй рабоце мы звярнуліся да падзей Першай сусветнай вайны, — кажа Г. Вайтанец, — бо гэта малавядомая старонка гісторыі нашага краю. А між іншым, тая вайна Браслаўшчыне прынесла шмат жаху і ахвяр, асабліва яе заходняй частцы, дзе праходзіў фронт.

Падчас пошуку краязнаўцам давялося звярнуцца на інфармацыйны партал Міністэрства абароны Расіі, да шматлікай літаратуры па тэме, кансультавацца ў спецыялістаў.

Паводле знойдзеных кансталінскімі даследчыкамі звестак, на працягу двух гадоў (1914 — 1916 гг.) на Браслаўшчыне ішлі актыўныя баі. Праціўнікі — нямецкая і расійская арміі — надавалі гэтаму ўчастку немалую ўвагу, пра што сведчаць вузкакалейныя чыгункі, праведзеныя для ўстойлівага забеспячэння войскаў.

У жніўні (верасні па новым стылі) 1916 г. каля маёнтка Бяльмонт (сучасныя Ахрэмаўцы) разбіўся падбіты немцамі расійскі ваенны самалёт. Факт не адзінкавы: падобнае адбылося яшчэ побач з Мяжанамі. Але даволі цікавыя асобы загінулых у той дзень авіятараў. Адзін з іх — расіянін Анісім Панкратаў, які быў узнагароджаны трыма баявымі ордэнамі. Знакамітым яго зрабіла кругасветнае падарожжа на веласіпедзе, якое ён першым у Расійскай імперыі здзейсніў з 1911 года па 1913-ы.

Другім у гэтым экіпажы быў лейтэнант з Францыі Анры Ларан, прызваны ў 1912 г. у ваенную авіяцыю. За баявыя заслугі ў 1915-м ён быў узнагароджаны Ваенным крыжом сваёй краіны. Вясной 1916 г. Анры Ларана ў складзе Французскай авіяцыйнай місіі накіравалі для дапамогі і перадачы вопыту расійскім ваенным лётчыкам. Француз трапіў у 5-ы авіяцыйны атрад, які знаходзіўся ў Дзвінску (Даўгаўпілс). Гэты факт сведчыць, што авіятары палка «Нармандыя-Неман» не былі першымі французамі, якія змагаліся з агульным ворагам на нашай зямлі.

У жніўні 1916 г. інтэрнацыянальны экіпаж над воз. Дрысвяты ўступіў у паветраны бой з праціўнікам, які пераўзыходзіў па сіле. У ходзе смяротнай сутычкі мужныя абаронцы браслаўскай зямлі загінулі, але паспелі знішчыць адзін нямецкі самалёт.

За гэты подзвіг лётчыкі Анісім Панкратаў і Анры Ларан пасмяротна былі ўзнагароджаны ордэнам Святога Велікамучаніка і Пераможцы Георгія 4-й ступені. По просьбе жонкі цела А. Панкратава адвезлі на радзіму — у Казань. А. Ларана з воінскімі ўшанаваннямі пахавалі на каталіцкіх могілках Петраграда.

Гэты гістарычны факт запісаў у сваёй кнізе «Дзённік: 1914 — 16 гады» рускі пісьменнік Дзмітрый Фурманаў пад назвай «Смерць лётчыка». Дарэчы, у гэтым творы ён таксама ўзгадвае і іншыя браслаўскія мясціны. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.