Розныя, але шчаслівыя разам. Гісторыя шматдзетнай сям’і з Браслава

Люди
У кожнага чалавека свае жыццёвыя каштоўнасці: адны выбіраюць кар’еру і не абцяжарваюць сябе вялікай сям’ёй, іншыя лічаць, што галоўнае — утульны дом і шматлікія дзіцячыя галасы ў ім.

ЦЁПЛАЕ ВОГНІШЧА ДЛЯ ВЯЛІКАЙ СЯМ’І

Яўген і Кацярына Дземідовічы цвёрда ўпэўнены: шчасце — у дзецях. Абое выраслі ў шматдзетных сем’ях і вельмі добра ўсвядомілі, што дружнай камандай і з работай лягчэй справіцца, і святы весялей адзначаць. І калі маладыя запалілі сваё сямейнае вогнішча, то адразу вырашылі, што саграваць яно будзе вялікую сям’ю.

Неўзабаве маладыя бацькі з радасцю калыхалі свайго першынца, праз год на свет з’явілася дачушка, а за ёй — яшчэ адзін сынок.

— Дзеці былі спакойныя, — кажа жанчына, — і асаблівых цяжкасцей, пакуль яны гадаваліся, не адчувала.

На той час Дземідовічы жылі ў Быстрамаўцах разам з бацькамі Кацярыны, а ў вёсцы, як вядома, без гаспадаркі ды агародаў не абысціся. Таму даводзілася яшчэ і на гэтым «фронце» паспяваць. Яўген працаваў у мясцовай гаспадарцы і нярэдка ад цёмнага да цёмнага. Таму дапамога бабулі ў выхаванні дзетак была вельмі каштоўнай.

Любячыя бацькі заўсёды імкнуцца стварыць для сваіх крывінак найлепшыя ўмовы для іх развіцця і станаўлення. І калі ў вёсцы закрылі школу, сям’я пераехала ў Браслаў. Спачатку жылі ў здымным доме, дзе даводзілася мірыцца з некаторымі нязручнасцямі. Але, галоўнае, у Яўгена была работа, сыны і дачка пайшлі ў добрую школу. Кацярына тым часам калыхала яшчэ адно дзіця — маленькую Дашу.

Дземідовічы атрымалі мацярынскі капітал, а ў хуткім часе і новую кватэру, у якой нарадзіўся Паўлуша.

РОЗНЫЯ, АЛЕ ШЧАСЛІВЫЯ РАЗАМ

У прасторнай і ўтульнай кухні за кубачкам гарбаты з цікавасцю слухаю пра насычанае жыццё вялікай і дружнай сям’і.

Старэйшы Марат сур’ёзны і разважлівы, ён вучань 8 класа другой гарадской школы, радуе бацькоў сваімі выдатнымі адзнакамі. У гэтым годзе хлопец свядома выбраў клас МНС. І свой выбар пракаменціраваў па-даросламу:

— Мужчына заўсёды павінен ведаць, як дзейнічаць у экстрэмальных абставінах. Да таго ж падабаецца дапамагаць іншым. Таксама Марат цікавіцца тэхнікай і кожную вольную часіну разам з бацькам перабірае і сямейны аўтамабіль, і вялікі лесавоз, на якім працуе Яўген.

Яшчэ адно захапленне хлопца — рыбалка. І, як сапраўдны гаспадар, ён вельмі рады, калі злоўленай рыбы хапае на сямейную вячэру.

Мастацкая натура сямікласніцы Евы адбіваецца ў прыгожых малюнках, на якіх з’яўляюцца жывёлы, прырода і ўласныя мадэлі сукенак. Малодшай сястры малюе лялек і адзенне для іх, потым разам гуляюць з імі. А вось Яўгену-меншаму падабаецца ляпіць з пластыліну. Хлопец карпатліва вырабляе кожную дробязную дэталь сваіх фігур. У большасці гэта мадэлі танкаў. Зацікаўленасць малодшых Дашы і Паўла пакуль што заключаецца ў гульнях і праглядзе мультфільмаў.

— Вялікае шчасце, — кажа Кацярына, — чуць слова «маці», а калі яно паўтараецца некалькі дзясяткаў разоў, то і шчасце павялічваецца. Так, у кожнага свой характар, свае погляды, але менавіта гэта нас і яднае.

Зразумела, большасць хатніх клопатаў кладзецца на плечы жанчыны. Толькі адной бульбы трэба пачысціць больш за два кілаграмы, а потым яшчэ напячы дранікаў — любімай стравы сям’і. Выслухаць усіх дзяцей, даць ім слушную параду, нікога не абмінуць пяшчотай. Здаецца, шматдзетнай маці і дыхнуць няма калі. Тым не менш Кацярына знаходзіць час на прыгожыя вырабы са стужак. Як адзначае жанчына, за гэтай карпатлівай справай яна адпачывае і супакойваецца.

У пытаннях выхавання дзяцей Яўген і Кацярына адзіныя: тлумачэнні і ўгаворы дадуць лепшы вынік, а калі ўсё ж такі трэба «прыструніць», то без злосці і крыку. Мір і згода ў шматдзетнай сям’і, адзначыў Яўген, — цярплівая работа абаіх бацькоў, бо толькі так можна стварыць адзіную сямейную каманду. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.