Юная браслаўчанка атрымала званне «Лепшага знаўцы АБЖ»

Люди
Юныя браслаўчане не раз праяўлялі сябе ў розных конкурсах і спаборніцтвах, тым самым праслаўляючы сваю малую радзіму. Каб пра маленькі горад і яго таленавітых людзей даведаліся ва ўсёй рэспубліцы, пастаралася і вучаніца першай гарадской школы Кацярына Абалевіч у тандэме са сваім педагогам Людмілай Бяляўскай.

У гэтым годзе дзевяцікласніца стала лепшай знаўцай асноў бяспекі жыццядзейнасці ў раённым злёце клубаў юных ратавальнікаў-пажарных, а затым паўтарыла свой поспех на занальным туры падчас аналагічных спаборніцтваў. Менавіта тады нашу знаўцу АБЖ заўважылі і запрасілі на рэспубліканскі злёт памочнікаў ратавальнікаў, які праходзіў у верасні на базе Нацыянальнага дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Зубраня». Пазней юная браслаўчанка стала яшчэ і госцяй «Восеньскага балю» МНС у Гомелі.

Па словах настаўніка-прадметніка па АБЖ Людмілы Бяляўскай, Кацярына стала годным прадстаўніком раёна на мінулых маштабных мерапрыемствах і, напрыклад, сярод 200 удзельнікаў рэспубліканскага злёту, дзе былі сабраны лепшыя з лепшых, не згубілася. Дапамагаюць веды і асабістыя якасці.

— Наша Каця ўдумлівая, шмат чытае, добра засвойвае і лёгка запамінае неабходны матэрыял, — расказвае пра сваю вучаніцу Л. Бяляўская. — Выкладаю прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» даўно і рада, што ёсць такія здольныя вучні, у якіх атрымліваецца праявіць сябе за межамі раёна. Увогуле яна малайчына ва ўсім: паспявае як у вучобе (цяпер Каця рыхтуецца да алімпіяды па геаграфіі), так і ў грамадскім жыцці школы. Інтэлігентная, разумная, прыгожая, заўсёды ветлівая, з ёй проста прыемна мець зносіны настаўнікам і аднагодкам. Сама ж Кацярына Абалевіч падкрэслівае ролю свайго педагога ў высокіх дасягненнях і атрыманні звання «Лепшага знаўцы АБЖ». І вядома ж, удзячная за магчымасць трапіць на найцікавейшыя мерапрыемствы ад ратавальнікаў.

— Мне падабаецца займацца асновамі бяспекі жыццядзейнасці, — дзеліцца Кацярына думкамі і ўражаннямі. — Гэта пазнавальна, больш за тое, такія веды спатрэбяцца ў жыцці: я змагу пры неабходнасці аказаць дапамогу чалавеку, бо ў падобных конкурсах заўсёды ёсць медыцынскія заданні. А творчыя этапы дазваляюць разняволіцца і адчуваць сябе ўпэўнена ў любой сітуацыі. Вельмі рада, што мне пашчасціла пабываць у цэнтры «Зубраня». Хоць спачатку былі сумненні, таму што пачынаўся новы навучальны год і трэба было ўлівацца ў вучобу. Падчас злёту ў нас праходзіла і страявая падрыхтоўка, і КВЗ, і спаборніцтвы па пажарным спорце. Мы выконвалі «Хіт бяспекі» і паказвалі свае тэарэтычныя веды. Словам, не было ніводнай вольнай хвілінкі, але я не шкадую ні пра што. Гэта добры вопыт, удзельнікі перазнаёміліся, многія знайшлі новых сяброў. Пад уражаннем я і ад паездкі на «Восеньскі баль» МНС, дзе сустракаліся каманды злёту з «Зубраняці». Два дні былі напоўнены спаборніцтвамі і вясёлымі забавамі.

Прыемна, што сур’ёзны адбор на раённым і наступных узроўнях ратавальніцкага конкурсу не перашкодзіў Кацярыне Абалевіч заявіць пра сябе. Шкадуе толькі дзевяцікласніца, што ў падобных ініцыятывах ёсць узроставыя абмежаванні. Аднак жадае іншым навучэнцам актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах і перамагаць. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.