Браслаўчане годна выcтупілі на свяце нацыянальных культур у Верхнядзвінску

Отдых
У Верхнядзвінску адбылося свята нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі». Браслаўчане адзначаны на ім дыпломамі адразу ў некалькіх намінацыях.

Гэтае святочнае мерапрыемства задумана як абласны адборачны тур на рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праводзіцца раз у два гады ў Гродне. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі нацыянальнакультурных аб’яднанняў Беларусі, майстры народнай творчасці, артысты. Асаблівасцю свята з’яўляецца стварэнне каларытных нацыянальных падвор’яў.

Фэст у Верхнядзвінску складаўся з некалькіх частак. Браслаўчане прадстаўлялі самабытныя стравы і канцэртны нумар. У прыватнасці, клуб аматараў традыцыйнай кухні і гульні «Богінскія спрытнянкі» прэзентаваў кулінарыю мясцовых гаспадынь. Да выстаўкі руплівыя жанчыны падрыхтавалі больш за 15 адмысловых страў. Кіраўнік аб’яднання Ірына Ванага разам з аднадумцамі яскрава прадставіла прыгатаванае ў адпаведным конкурсе, па выніках якога «Богінскія спрытнянкі» атрымалі дыплом 2 ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя нацыянальных страў».

Калектывы ж мастацкай творчасці і індывідуальныя выканаўцы выступалі на сцэне раённага цэнтра культуры.

У конкурсе гучалі песні і вершы на розных мовах. Хормайстар Браслаўскага РЦК Наталля Няміра для ўдзелу ў ім спецыяльна падрыхтавала прыгожы нумар. Высокі ўзровень выканання песні на польскай мове і артыстызм арганізатары свята ацанілі дыпломам 2 ступені ў намінацыі «Вакальная творчасць».

Абласное журы, у склад якога ўваходзілі і прадстаўнікі рэспубліканскага мерапрыемства, у бліжэйшы час вылучыць лепшыя калектывы Віцебшчыны на фестываль нацыянальных культур у Гродне. Магчыма, браслаўчане таксама трапяць у іх лік. Падставы для гэтага ёсць. ■

Алена НАБЕЕВА.