Дэпутат Друеўскага сельсавета: «Апраўдаць давер людзей можна толькі канкрэтнымі справамі»

Новости
Абыякавым быць нельга. У гэтым трывала ўпэўнены дэпутат Друеўскага сельсавета Мікалай Фунікаў, які шмат гадоў з’яўляецца надзейным сувязным звяном паміж сваімі выбаршчыкамі і мясцовай уладай.

Амаль 40 гадоў таму назад маладога афіцэра з інспекцыі па справах непаўналетніх перавялі ў Друю ўчастковым. Трэба адзначыць, што падведамасная тэрыторыя дасталася супрацоўніку міліцыі даволі складаная. На той час тут знаходзілася СПТВ, дзе вучыліся юнакі і дзяўчаты з усяго былога Савецкага Саюза. І большасць з іх знаходзілася пад пільным наглядам праваахоўных органаў. Нямала праблем дастаўлялі і прадстаўнікі адной з этнічных дыяспар. Да таго ж чыгунка і суседства з Латвіяй таксама дабаўлялі галаўнога болю.

— Першы год быў даволі цяжкім, — узгадвае М. Фунікаў, — трэба было наладзіць кантакты з кіраўнікамі арганізацый і мясцовымі жыхарамі, згрупаваць вакол сябе надзейных памочнікаў. З таго часу ён, працуючы на розных пасадах, заваяваў давер мясцовых жыхароў. А тое, што яго ўжо восьмы раз выбралі дэпутатам — яскравае таму пацвярджэнне. І на працягу гэтага тэрміну, нават і цяпер, на заслужаным адпачынку, М. Фунікаў ставіцца да сваіх грамадскіх абавязкаў з усёй адказнасцю.

— Па-іншаму і нельга, — кажа субяседнік, — бо апраўдаць давер людзей можна толькі канкрэтнымі справамі.

Кола бягучых клопатаў на гэтай грамадскай пасадзе даволі шырокае і патрабуе нямала ўласнага часу, а іншым разам — і перажыванняў. Не па чутках дэпутат ведае надзённыя патрэбы мясцовых жыхароў. Штодзень у магазіне, на вуліцы да яго звяртаюцца з рознымі просьбамі і пытаннямі. Часам прыходзіцца выбранніку даваць людзям кансультацыі альбо тлумачыць юрыдычныя тонкасці вырашэння праблемы.

Актыўна М. Фунікаў удзельнічае ў пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама. Яго значны вопыт работы ўчастковым, а потым — выхавацелем у мясцовым дзіцячым доме дапамагае грунтоўна і па-бацькоўску падыходзіць да кожнай справы і чалавека.

З задавальненнем адзначае народны выбраннік, як у лепшы бок змяняюцца друеўскія мясціны і з кожным годам выглядаюць больш прыгожа і камфортна. Безумоўна, адзначае дэпутат, гэта заслуга старшыні мясцовага сельсавета Ганны Багеша і неабыякавых жыхароў, якія не толькі падтрымліваюць парадак каля ўласных хат, але і шчыруюць на карысць аграгарадка.

— Людзі ў нас добразычлівыя і працавітыя, — падкрэслівае Мікалай Мілянцеевіч, — кожны намагаецца падтрымліваць парадак каля свайго дома, упрыгожыць дворык, а з такімі адносінамі да добраўпарадкавання вырашаць надзённыя пытанні заўсёды лёгка. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.