Навучэнцы СШ № 1 далучыліся да міжнароднага праекта па абмене навагоднімі паштоўкамі

Отдых
У сучасных рэаліях актыўна развіваюцца сяброўскія сувязі паміж людзьмі з розных куткоў свету, чаму спрыяюць разнастайныя інтэрнэт-праекты. Вучням і педагогам у гэтай справе дапамагае адукацыйная асацыяцыя iEARN: яна аб’ядноўвае школы і маладзёжныя арганізацыі больш як у 100 краінах. Вось і навучэнцы СШ № 1 імя А. М. Жданава з надыходам зімы далучыліся да чарговага міжнароднага тэлекамунікацыйнага праекта «Абмен каляднымі паштоўкамі» (Holiday Card Exchange).

Як вынікае з назвы, ініцыятыва заключаецца ў вырабе святочных паштовак з віншаваннямі, а таксама падрыхтоўцы інфармацыі пра нацыянальныя традыцыі і сябе. Школьнікі ахвотна ўключаюцца ў такую работу, педагогаў жа праект прываблівае тым, што падчас удзелу ў ім значна ўзмацняецца матывацыя вучняў да вывучэння англійскай мовы: яны на практыцы пераконваюцца, як карысна ёй валодаць для падтрымання зносін з прадстаўнікамі розных краін.

Суботнім днём у адным са школьных кабінетаў СШ № 1 распачаў дзейнасць своеасаблівы «філіял» пошты: там дзеці пад кіраўніцтвам настаўнікаў замежнай мовы рыхтавалі да адпраўкі аднагодкам з замежжа святочныя паштоўкі. Іх зрабілі сваімі рукамі навучэнцы 3 — 8 класаў, якія малявалі, выразалі, клеілі, выкарыстоўваючы самыя розныя тэхнікі і матэрыялы.

Вынік працы парадаваў і педагогаў, і вучняў: паштоўкі атрымаліся яркімі, маляўнічымі, арыгінальнымі і вельмі прыгожымі. Да таго ж цёплыя віншаванні з Калядамі дапоўнілі каляровымі буклетамі пра Браслаўшчыну і цяпер у розных кутках свету будуць ведаць пра наш сінявокі край.

— Каардынатары праекта размяркоўваюць партнёраў па перапісцы па некалькіх групах, — расказвае настаўніца англійскай мовы Юлія Петкун. — У гэтым годзе нашы паштоўкі накіруюцца ў Тайвань, Славенію, Расію, Марока, некаторыя знойдуць сваіх адрасатаў і ў Беларусі. Ужо на дадзеным этапе работа прыносіць шмат станоўчых эмоцый, аднак яны яшчэ ўзрастаюць, калі прыходзяць адказы на пасланні вучняў. Прыемна заводзіць новых сяброў у іншых краінах, таму дзеці з ахвотай удзельнічаюць у такім цікавым міжнародным праекце. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.