Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў Беларусі

Новости
Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў краіне 9 снежня гэтага года і працягнецца да 10 студзеня наступнага. Не застаецца ў баку ад яе правядзення і наш раён.

У гэты перыяд у краіне і на Браслаўшчыне ў тым ліку пройдуць навагоднія прадстаўленні для адораных і таленавітых дзяцей, а таксама для малых, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Раённыя ўлады, прадстаўнікі мясцовых органаў кіравання, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, праваахоўных органаў і іншых службаў наведаюць дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзе павіншуюць дзяўчынак і хлопчыкаў з Калядамі і Новым годам, а таксама ўручаць падарункі, калі трэба, акажуць дапамогу ў вырашэнні некаторых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучацца таксама грамадскія аб’яднанні.

Галоўнай падзеяй стане навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. Мерапрыемства запланавана на 24 снежня. Яго ўдзельнікамі стануць больш за 2 тысячы школьнікаў з усіх рэгіёнаў краіны: пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, з інваліднасцю, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Будуць прысутнічаць на гэтым яскравым свяце і трое юных браслаўчан.

Таксама самыя лепшыя і актыўныя (іх будзе 25) прымуць удзел у пераднавагоднім ранішніку, які традыцыйна ладзіцца ў Віцебску і праходзіць з удзелам кіраўніцтва вобласці.

Шмат падобных мерапрыемстваў пройдзе і на Браслаўшчыне. Самым галоўным з іх стане дабрачынны ранішнік з удзелам кіраўніцтва раёна. Ва ўсіх дзіцячых садах і школах, на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях будуць ладзіцца навагоднія ўрачыстасці. У РЦК і сельскіх ДК адбудуцца святочныя прадстаўленні для малых.

Ва ўсіх школах раёна ў рамках акцыі «Нашы дзеці» прайшоў яскравы флэшмоб, які стаў крыніцай святочнага настрою і пазітыву, пачаткам падрыхтоўкі да навагодніх урачыстасцей. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.