У музеі традыцыйнай культуры да 16 снежня працуе цікавая экспазіцыя карцін «Ахінаючы вялікімі крыламі»

В свободное время
Гэта першая перасоўная выстаўка мінскіх мастакоў Зоі Луцэвіч, Вольгі Баравіковай і Мілы Кляшчэўскай, а таксама спроба адрадзіць традыцыю XIX стагоддзя, калі творцы вандравалі па гарадах і мястэчках, паказваючы сваё мастацтва.

Сучасныя мастакі таксама жадаюць вывезці экспазіцыі карцін са сталічных музеяў у выставачныя залы і сцэны малых гарадоў Беларусі, а затым Літвы, Польшчы, Украіны, Германіі, Італіі і пазнаёміць з імі як мага больш людзей ва ўсім свеце.

Работы, якія прывезены ў Браслаў літаральна на тыдзень, разнажанравыя, напісаныя ў непадобных адна на адну тэхніках. Аўтары карцін, што выстаўлены ў музеі, вядомыя ў творчых колах асобы. Так, напрыклад, Зоя Луцэвіч — выпускніца Дюсельдорфскай акадэміі мастацтваў, прадстаўніца дынастыі жывапісцаў: яе дзед Сяргей Каткоў — стваральнік беларускай школы жывапісу, у якога вучыліся многія мастакі Беларусі, а маці Святлана Каткова — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

На адкрыцці выстаўкі мастачкі правялі майстарклас для дзяцей, а ў гэтую нядзелю плануюць пазаймацца з дарослымі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.