Мілыя сэрцу Мількі. Жыхары вёскі падзяліліся меркаваннямі пра сваю малую радзіму

Год малой родины
Ці знаёмы вам такі населены пункт Браслаўшчыны, як Мількі? Ён размешчаны на мяжы з Шаркаўшчынскім раёнам і адносіцца да Цяцеркаўскага сельсавета. За што любяць сваю малую радзіму мясцовыя жыхары? На гэтае пытанне нам адказалі Таццяна Юршэвіч, Наталля Рыжая, Алена Баркоўская і Зоя Шчаковіч.

У кожнай з жанчын лёс па-свойму непарыўна звязаны з Мількамі, яны могуць расказваць гадзінамі пра сваё жыццё, любімы населены пункт і прызнаюцца, што шчыміць душа, калі яны бачаць, як з кожным годам тут становіцца менш людзей.

Пра аграгарадок

— Мы любім сваю радзіму за тое, што нам выпала тут жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, — аднагалосна кажуць жанчыны і пачынаюць дзяліцца ўспамінамі, якімі Мількі былі яшчэ гадоў 15-20 таму назад: — Наша сельгаспадарка «Браслаўскі» была ў лідарах, працавалі некалькі магазінаў, школа, клуб, бібліятэка, мелі ўласныя цяпліцы, гародніна з якіх ішла ў вялікую сталовую, існаваў лазневапральны комплекс з басейнам.

Пра людзей

— Пра нашых людзей казалі як пра адных з самых працавітых. А яны такія і ёсць. Мы заўжды дапамагаем адзін аднаму, па-суседску сябруем. Некаторыя прыехалі сюды жыць дзесяцігоддзі назад, аселі, пабудавалі жыллё, стварылі сем’і. І цяпер мы ўсе жывём дружна. Калі трэба — займаемся добраўпарадкаваннем, удзельнічаем у канцэртах. Словам, стараемся не сядзець на месцы. Многія з мясцовых і да гэтага часу трымаюць немаленькую гаспадарку і шчыруюць на роднай зямельцы.

Пра вольны час

— Некалі ў нас жыццё культурнае віравала. Такія ўспаміны грэюць душу. Усёй вёскай мы хадзілі на індыйскае кіно. Гэта было свята для мясцовых жыхароў! Разам перажывалі і спачувалі героям фільмаў. Ладзілі Купалле, Новы год, Дзень зімы. На гэтае свята, дарэчы, любімай забавай было катацца на санях. Мясцовы жыхар Іван Фядотаў запрагаў каня і вазіў усіх па вёсцы. Цяпер жа наш культурны цэнтр — Мількаўскі клуб-бібліятэка. Тут з’явілася выдатны арганізатар Ала Шудзель. Яна аднавіла наша культурнае жыццё, наладзіла правядзенне святаў, займаецца з самадзейнымі артыстамі і арганізоўвае для нас цудоўныя мерапрыемствы. А летам мы з задавальненнем прыходзім да нашай сажалкі з рознакаляровымі лілеямі, каля якой пабудаваны альтанкі, лавачкі. Асабліва прыгожа тут, калі наўкол буяюць кветкі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.