Сіноптыкі перасцерагаюць ад выхаду на лёд

Безопасность Главное
На вадаёмах Беларусі ў бліжэйшыя дні працягнецца павольнае разбурэнне лёду, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У чацвер сіноптыкі зафіксавалі заберагі — палосы лёду, што размяшчаюцца ўздоўж берагоў рэк, азёр і вадасховішчаў пры незамерзлай астатняй воднай прасторы, і шугаход — рух рыхлага губчатага лёду, які знаходзіцца ў воднай тоўшчы. Яны адзначаліся на Сожы, Дняпры на ўчастку Жлобін — Лоеў, Бярэзіне на ўчастку Барысаў — Беразіно, некаторых іх прытоках і асобных прытоках Заходняй Дзвіны, а таксама на Чыгірынскім вадасховішчы, браслаўскіх азёрах і Нарачы.

Тонкае ледзяное покрыва (месцамі з палонкамі) назіралася на Заходняй Дзвіне каля Суража, прытоку Дняпра рацэ Іўня-Бонда, прытоку Сожа рацэ Бесядзь, вадасховішчы Чырвоная Слабада і возеры Чырвонае. «На лёд выходзіць нельга», — падкрэслілі ў Белгідрамеце.