Парушэнні ёсць. РАНС правёў рэйды па будаўнічых пляцоўках у Браславе

Безопасность
Адзін з галоўных складальнікаў дзейнасці раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — пажарна-прафілактычная работа. У поле зроку інспектараў дзяржпажнагляду, якія кантралююць выкананне правіл пажарнай бяспекі, планамерна трапляюць розныя прадпрыемствы і арганізацыі. Не застаюцца па-за ўвагай і будаўнічыя пляцоўкі. Такія аб’екты, як правіла, зона павышанай небяспекі, дзе верагоднасць НЗ трэба прадбачыць загадзя.

Цяпер, у міжсезонне, буйных аб’ектаў будаўніцтва ў раёне ўсяго два: узвядзенне 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Кастрычніка і рэканструкцыя з капітальным рамонтам будынкаў Браслаўскага РЭСа. Разам з інспектарам РАНС Антонам Бародзічам накіроўваемся менавіта туды. Праўда, з мэтай ужо паўторнага кантролю.

Справа ў тым, што да будаўнічых пляцовак існуюць свае патрабаванні пажарнай бяспекі, якія, безумоўна, трэба выконваць. Па словах, А. Бародзіча, у кожным вагоне-бытоўцы абавязкова павінен быць вогнетушыцель, падчас ацяпляльнага сезона рабочым дазваляецца выкарыстоўваць абагравальнікі, але толькі ў іх прысутнасці. Самаробныя прыборы, напрыклад, тыя ж «буржуйкі», — табу. Унутры часовага жылля таксама забараняецца курыць. Акрамя таго, электраправодка павінна быць у металічных трубах, а ўсе лямпачкі — закрыты плафонамі. Наяўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка пажадана. На кожны вагонбытоўку, тлумачыць інспектар, наносіцца інвентарны нумар, назва і даныя пра адказнага за пажарную бяспеку арганізацыі, у тым ліку за своечасовы інструктаж з работнікамі. Яшчэ адно патрабаванне — наяўнасць на тэрыторыі будоўлі не менш як двух цалкам укамплектаваных пажарных шчытоў. Правілы выконваемыя, але на справе часта ігнаруюцца, што можа прывесці да сур’ёзных праблем і нават бяды.

Так і на момант тэхналагічных праверак РАНС будаўніцтва жылога дома вялося не без парушэнняў. Падраднай арганізацыі Браслаўскай ПМК-42 было прадпісана забяспечыць будаўнічую пляцоўку супрацьпажарным інвентаром і першаснымі сродкамі пажаратушэння ў адпаведнасці з праектам вытворчых работ, абсталяваць месца для курэння на будаўнічай пляцоўцы, складзіраваць будаўнічыя матэрыялы і смецце ў вызначаных месцах. Вопытным вокам інспектар аглядае тэрыторыю, абстаноўку ў вагонебытоўцы. Рэйд даў свае вынікі: выяўленыя пажарнымі недахопы ліквідаваны ў поўным аб’ёме.

На другім аб’екце — рэканструкцыі Браслаўскага РЭС — падрадная арганізацыя ААТ «Віцебскгандальбуд» таксама выправіла сітуацыю: будаўнічая пляцоўка падчас другой праверкі была аснашчана супрацьпажарным інвентаром і першаснымі сродкамі пажаратушэння, з’явілася і месца для курэння.

Пажарныя сваю работу выканалі, цяпер будаўнікі павінны прытрымлівацца патрабаванняў і памятаць, што праверкі праводзяцца не з мэтай пакараць, а каб захаваць людскія жыцці. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.