Малады настаўнік: «Жаданне прывіваць дзецям любоў да спорту прывяло ў прафесію»

Люди
Любы спецыяліст у пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі, часам адчувае няўпэўненасць. І вельмі важна, каб адміністрацыя і калегі падтрымалі яго, аказалі дапамогу.

Як адзначыў малады настаўнік фізічнай культуры і здароўя Друйскай сярэдняй школы Валерый Самсановіч, яму ў гэтым плане вельмі пашанцавала, бо сустрэлі яго прыветліва і добразычліва.

Родная вёска хлопца знаходзіцца ў Мёрскім раёне, але непадалёку ад Друі, таму ён з задавальненнем па размеркаванні пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта накіраваўся менавіта сюды.

— Са спортам сябрую з дзяцінства, — кажа педагог, — але найбольш стаў займацца ў старэйшых класах, бо перад вачамі быў прыклад апантанага настаўніка. Тады ў мяне і з’явілася жаданне самому прывіваць дзецям любоў да спорту.

І вось ужо прайшла першая чвэрць. Зразумела, былі хваляванні і няўпэўненасць, шмат пытанняў узнікала пры падрыхтоўцы да ўрокаў. Але адміністрацыя школы і асабліва вопытны калега Войцех Гедройц сваімі слушнымі парадамі і маральнай падтрымкай дапамаглі Валерыю адаптавацца.

Немалаважны і той факт, што ва ўстанове адукацыі вельмі трывалая спартыўная база: адрамантаваная зала, дастаткова трэнажораў і інвентару. Па словах В. Самсановіча, працаваць у такіх умовах — адно задавальненне.

Да таго ж Друйская школа адзіная ў раёне, якая прадастаўляе сваім работнікам камфортнае жыллё, а гэта, пагадзіцеся, значная падтрымка для маладых спецыялістаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.