Традыцыйна відовішчная конкурсная праграма «Супердзетка» прайшла на сцэне Відзаўскага дома культуры

Новости
  Безумоўна, атрымаць званне «супер» было вельмі няпроста, бо дзяўчынка павінна добра спяваць, прыгожа танцаваць, мець артыстычныя здольнасці, а яшчэ захапіць журы і гледачоў.

Сёлета разам з Алісай у цудоўную казачную краіну пажадалі выправіцца шэсць маленькіх прыгажунь ва ўзросце ад 5 да 6 гадоў: Дзіяна Мезбухоўская, Соф’я Алёшына, Яўгенія Чайкоўская, Ксенія Багушэвіч, Эльвіра Шокель і Лізавета Лаўрыянец.

Сур’ёзныя выпрабаванні зусім не палохалі смелых удзельніц, якія з усёй адказнасцю рыхтаваліся да конкурсу, бо кожнай хацелася стаць «самай-самай». Падтрымаць сваіх дзяўчатак прыйшлі родныя і сябры.

І вось першы выхад маленькіх прыгажунь. Паважна яны дэфіліравалі па сцэне, какетліва ўсміхаліся гледачам і дэманстравалі ім прыгожыя ўборы. А яшчэ кожная ў вершаванай форме расказала пра значэнне свайго імя і ўвогуле пра сябе.

Уласцівы ім талент і артыстызм дзяўчынкі паказалі ў калейдаскопе мастацкага фрыстайлу. Пастаноўка музычных і танцавальных кампазіцый, уменне маленькіх артыстак трымацца на сцэне і шыкоўныя касцюмы выклікалі ў гледачоў здзіўленне і шмат станоўчых эмоцый.

У відэаінтэрв’ю ўдзельніцы ўзгадвалі пра самыя цікавыя выпадкі са свайго жыцця. Затым у вобразах любімых казачных герояў паказалі прысутным сцэнкі з адпаведных твораў. Падчас апошняга дэфіле маленькія модніцы дэманстравалі прыгожыя і арыгінальныя касцюмы, якія для іх пашылі матулі. Удзячныя гледачы не шкадавалі сваіх далоняў і бурнымі апладысментамі сустракалі кожную канкурсантку.

Нарэшце ўсе выпрабаванні пройдзены. Усхваляваныя і крыху стомленыя маленькія ўдзельніцы выйшлі на сцэну для ўзнагароджання. Старшыня Відзаўскага сельсавета Наталія Залатуха, якая ўзначальвала журы, павіншавала ўсіх дзяўчат, падзякавала арганізатарам за цудоўнае мерапрыемства і агучыла вердыкт. Гледачоў і журы сваёй непасрэднасцю і артыстычнасцю заваявала маленькая прыгажуня Яўгенія Чайкоўская. Яна атрымала тытул «Супердзетка – 2019» і галоўны прыз — мабільны тэлефон. Дыядэму Яўгеніі ўручыла мінулагодняя пераможніца гэтага конкурсу Ксенія Дзегелева.

Тым часам без падарункаў не засталася ні адна дзяўчынка: кожная атрымала вялікую прыгожую ляльку.

На заканчэнне мерапрыемства дырэктар Відзаўскага ДК Ганна Павініч выказала асаблівую ўдзячнасць спонсарам, без якіх гэтае свята не атрымалася б такім маляўнічым і відовішчным: Валянціне Адамовіч, Наталлі Баяр, Галіне Басакавай, Вользе Лявікінай, Марыі Мумрак, Віктару Кандрацьеву, Чаславе Трэйгіс, Паўлу Лявікіну.

Скончылася цудоўная казка, але добры настрой і яркія ўражанні яшчэ доўга будуць жыць ва ўспамінах дзяцей і дарослых. ■

Алена ПЯТУШКА.