Народнаму клубу майстроў і мастакоў «Ля возера» споўнілася 30 гадоў

Отдых

Чарговае пасяджэнне народнага клуба майстроў і мастакоў «Ля возера» было прысвечана прыемнай нагодзе — 30-годдзю з дня заснавання аб’яднання.

Суполка ўзнікла пры Доме культуры ў далёкім 1980 годзе і аб’ядноўвала 14 мастакоў-аматараў. Яе ўзначаліў Тэафан Баркоўскі, з 1986-га аб’яднанне пачало працаваць пры гісторыка-краязнаўчым музеі. Да мастакоў далучыліся майстры саломапляцення, вязання, вышыўкі і г. д. Тады ўзнікла і яго назва — «Клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Ля возера”». Першым кіраўніком клуба стала дырэктар музея Галіна Падалян. У 1989 годзе творчы калектыў атрымаў званне «народны аматарскі». За 30 гадоў на чале клуба знаходзіліся Яніна Ермалаева, Святлана Бялова, Тамара Ундруль. 3 2003-га ім кіруе Наталля Парахневіч.

Сёння клуб аб’ядноўвае 59 майстроў і мастакоў ва ўзросце ад 29 да 87 гадоў. Усе яны — творчыя, ініцыятыўныя і адказныя людзі, якія пастаянна прымаюць удзел у разнастайных раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаўках і фестывалях, праводзяць майстар-класы і навучаюць рамёствам усіх жадаючых. Перыядычна браслаўскія творцы выязджаюць у Латвію і Літву, дзе наладжаны сяброўскія стасункі з аднадумцамі.

Майстры, якія ўваходзяць у клуб, займаюцца захаваннем і папулярызацыяй традыцыйных рамёстваў, з’яўляюцца пераможцамі розных конкурсаў, а імёны браслаўскіх мастакоў далёка вядомыя за межамі раёна. Дарэчы, майстар па лозапляценні Уладзімір Лук’янец мае ганаровае званне «народны майстар Беларусі». У клуба з цягам часу склаліся свае традыцыі. Так, напрыканцы года абавязкова ладзіцца выстаўка «Калядныя ўзоры», якая з’яўляецца своеасаблівай справаздачай аб’яднання. Па выніках года абіраецца лепшы майстар, яму ўручаецца ганаровы дыплом і медаль.

З нагоды юбілею браслаўскія творцы сабраліся ў музеі традыцыйнай культуры за круглым сталом, успомнілі гісторыю клуба, людзей, з якімі давялося працаваць, пагутарылі пра дзень сённяшні і абмеркавалі планы на будучыню. Творчыя і крэатыўныя, традыцыйныя і сучасныя майстры і мастакі захоплена займаюцца рамёствамі і захоўваюць іх для нашчадкаў. Можна нават і не сумнявацца, што так будзе і далей, а вырабамі браслаўчан як захапляліся, так і будуць захапляцца. ■

Алена НАБЕЕВА.