Беларуская мова: колькі яе вакол нас?

Главное
Нечаканую, але прыемную неспадзяванку прынёс мне нядаўні прыпынак на сталічнай запраўцы, дзе супрацоўнікі падчас абслугоўвання размаўлялі з кліентамі па-беларуску. Праўда, адразу падумала: ну вядома, гэта ж Мінск, тут пісьменнікі і вучоныя, кнігарні і суполкі, а словы «Асцярожна, дзверы зачыняюцца» сталі візітнай карткай грамадскага транспарту. І калі раней беларуская мова лічылася «вясковай», то цяпер яна ці не часцей гучыць у гарадах. Цікава, як жа ідуць справы на Браслаўшчыне?

З аднаго боку, цяпер дзеці паўсюль вывучаюць беларускую мову ў школах, прычым паказваюць нядрэнны ўзровень: вучні паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, пішуць даследчыя працы, выбіраюць адпаведны экзамен ды тэст. З другога — нямногія жыхары раёна выкарыстоўваюць яе штодня. Звычайна беларуская мова ў першую чаргу асацыіруецца пераважна з адукацыяй і культурай. Аднак калі я ўспомніла браслаўчан, з якімі апошнім часам давялося размаўляць па-беларуску (такіх набралася наўскідку чалавек дзесяць), то зразумела, што палова з іх да ўзгаданых сфер не мае ніякіх адносін. Значыць, карыстаюцца мовай яны, не кіруючыся прафесійнымі абавязкамі, а свядома, адчуваючы асабістую патрэбу. Адны ўпэўнены, што так варта выражаць павагу да краіны, у якой жывуць, нехта імкнецца выразіць сябе, шукае сваё «я», а хтосьці проста ўсё жыццё размаўляе так, як яго бацькі і дзяды. Паказальны прыклад аднаго з маіх знаёмых: спачатку ён вывучыў англійскую мову, паездзіў па свеце і прыблізна год таму назад адчуў, што яму не хапае роднай мовы: без яе незразумела, хто мы такія і чым адрозніваемся ад іншых народаў. Цяпер да яго паступова далучаюцца родныя і знаёмыя.

Як бачна, загаварыць па-беларуску можна ў любым узросце. Але многія суразмоўцы скардзяцца, што ім надта не хапае моўнага асяроддзя. Сапраўды, дзе ж у Браславе папрактыкавацца ў выкарыстанні «мілагучнай і пяшчотнай» па-за межамі тых жа школ і бібліятэк? Пачаць можна з дарожных указальнікаў і абазначэнняў населеных пунктаў раёна, у самім горадзе — таблічак з раскладам руху маршрутных аўтобусаў. З’яўляюцца і новыя беларускамоўныя інфармацыйныя знакі. Здалёк бачны надпіс «Аўтастанцыя», дзе, дарэчы, аб’яўляюць рэйсы па-беларуску, ды назвы некаторых гандлёвых аб’ектаў. Здольныя падтрымаць размову з беларускамоўнымі кліентамі і ў сферы абслугоўвання, а ў касіраў у «Еўраопце» і «Хіце» на касах нават маюцца спецыяльныя падказкі. На магазінных паліцах сустракаюцца тавары, вытворцы якіх мэтанакіравана выкарыстоўваюць на ўпакоўках беларускую мову. Пры жаданні можна «пагутарыць» і з банкаматам. Не застаецца ўбаку і канфесійная сфера: у праваслаўных вернікаў цяпер ёсць магчымасць чытаць Новы Запавет па-беларуску, у каталікоў — праводзіць набажэнствы ў касцёле.

У сучасных рэаліях большасць зносін адбываецца ў інтэрнэт-прасторы. Там для аматараў беларускай мовы сапраўднае раздолле: кнігі, фільмы (у тым ліку сусветныя шэдэўры), анімацыя, песні і нават відэазаняткі курсаў. Многія праграмныя прадукты маюць беларускамоўныя версіі, напрыклад, Windows, Android, Microsoft Office, Viber і г. д. Так што было б жаданне — свой узровень можна падцягнуць.

Відавочна, што цікавасць да нашай роднай мовы не знікае, але і на намаганні па яе вывучэнні, на жаль, не ўсе адважваюцца, маўляў, цяжка, альбо часу няма, альбо, што горш, патрэбы. Вось і маем мы сітуацыю, калі большасць насельніцтва ігнаруе адну з дзяржаўных моў краіны, а афіцыйныя выступленні высокапастаўленых асоб па-беларуску ўспрымаюцца ў грамадстве як сенсацыя. А між тым хтосьці мудры сказаў: «Чалавек столькі разоў чалавек, колькі моў ён ведае». Можа, варта пашырыць межы сваёй чалавечнасці за кошт беларускай?

МЕРКАВАННЕ

Святлана РАКІЦКАЯ, настаўніца французскай мовы Слабодкаўскай ЯССШ:

— Наша школа ў 90-х некалькі гадоў была беларускамоўная, сын якраз пайшоў у першы клас — і я пачала размаўляць па-беларуску. Усе вакол станоўча адносяцца да гэтага, хто можа — таксама пераходзіць на мову, нават часам прабачаюцца, калі не могуць падтрымаць гутарку. Бывае, у крамах не заўсёды разумеюць, быў нават камічны выпадак у кнігарні: адказваючы на пытанне, дзе аддзел замежных моў, прадавец накіравала мяне да паліц з беларускай літаратурай. Калі часам даводзіцца звяртацца да прадстаўнікоў раённай улады і яны адказваюць па-беларуску — прыемна. Я заўважыла, што людзі, якія ведаюць замежную мову, неяк больш адчуваюць родную. Наша мова вельмі падабаецца іншаземцам, якія, прыехаўшы сюды, абавязкова пытаюцца, дзе б яе паслухаць.

Увогуле, для мяне ўсё натуральна і зразумела: жыву ў Беларусі і размаўляю па-беларуску.

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.