«Кожны дзень дзякую Богу за тое, што жыву». Гісторыя браслаўчанкі, якая з дзяцінства змагаецца з цяжкай хваробай

Новости
Як часта мы наракаем на сваё жыццё, скардзімся родным і сябрам па розных дробязях, не разумеючы, што лёс падараваў нам вялікую каштоўнасць — здароўе, хоць бы адноснае. Тым часам сярод нас ёсць людзі, якія ў той ці іншай ступені пазбаўлены гэтага шчасця: адны з нараджэння, іншыя — выпадкова. Тым не менш яны радуюцца кожнаму дню, жыццё іх цікавае і насычанае.

У дзяцінстве Людміла Сінкевіч была вельмі хваравітай: запаленне лёгкіх, бранхіты, моцны галаўны боль дакучалі дзяўчынцы. Да таго адно вока зусім не бачыла.

Нягледзячы на гэта, яна расла вясёлай і таварыскай, дапамагала бацькам па гаспадарцы. Ды і не было часу наракаць на свае хваробы, бо ў сям’і Сінкевічаў з Мілюнцаў было 12 дзяцей і вялікая гаспадарка.

На Людміле і яе старэйшым браце ляжала нямала хатніх абавязкаў, акрамя гэтага, яны прыглядалі за малодшымі.

Вучылася дзяўчына з цікавасцю і задавальненнем і, нягледзячы на частыя пропускі заняткаў па хваробе, у школе была выдатніцай. Маленькі рост Людмілы і яе вялікія акуляры не аднойчы станавіліся прычынай для кпінаў з боку хлопцаў, але жыццярадасная, са светлай душой, яна ніколі ў адказ не злавалася і не затойвала крыўду.

Уласныя праблемы навучылі Людмілу глядзець на свет падобраму і пазітыўна, перажываць за іншых і быць спагадлівай.

— Заўсёды дапамагала парадамі сваім малодшым сёстрам і братам, — кажа суразмоўніца, — выслухоўвала іх крыўды і дзіцячыя сакрэты, супакойвала, калі яны з кім-небудзь пасварацца.

А свой творчы ўнутраны свет Л. Сінкевіч перадавала праз маляванне і рукадзелле.

Калі аднакласнікі будавалі планы і вызначаліся з будучай прафесіяй, Людміла перанесла сур’ёзную аперацыю на галаўным мозгу, якая доўжылася амаль восем гадзін.

— Пасля аперацыі, — расказвае Л. Сінкевіч, — жыццё зайграла па-новаму: зніклі жудасныя болі, адышлі хваробы і можна было чым-небудзь заняцца.

Калі ў горадзе адчыніў свае дзверы ТЦСАН, Людміла з задавальненнем стала наведвацца сюды кожны дзень, знайшла сабе шмат сяброў. Такія зносіны дазволілі дзяўчыне стаць больш самастойнай і нават адной, без суправаджэння маці, выправіцца ў Віцебск на чарговы медагляд.

Праз некаторы час Л. Сінкевіч прынялі ў цэнтр на работу. Спачатку яна мыла бялізну, а потым стала кіраўніком гурткоў «Хатні этыкет» і «Элементарная рэабілітацыя». У 2010 г. актыўную дзяўчыну выбралі старшынёй раённай арганізацыі «БелТІЗ».

На гэтай пасадзе выявіліся арганізатарскія здольнасці Людмілы, якая з энтузіязмам узялася за справу. Разнастайныя мерапрыемствы, якія цяпер ладзіць Л. Сінкевіч, і дапамога валанцёраў з гімназіі робяць будзённыя дні гэтых людзей больш цікавымі і насычанымі. Неабыякавая старшыня пастаянна адпраўляе сваіх падапечных у спецыялізаваны абласны цэнтр на рэабілітацыю. Аднак галоўнае для іх, як адзначае сама суразмоўніца, увага і душэўная гутарка.

Але лёс працягвае выпрабоўваць Людмілу на трываласць: да цяжкасцей, з якімі яна стойка змагаецца штодзень, дабавілася сур’ёзная траўма галавы. Некалькі тыдняў не магла ўстаць з бальнічнага ложка, а потым нанова вучылася хадзіць.

Да таго ж з цягам часу зноў пачала праяўляцца яе асноўная хвароба. Але да гэтага сумнага факта Людміла ставіцца па-філасофску:

— Кожны дзень дзякую Богу за тое, што жыву і магу хадзіць. Астатняе можна вытрымаць і перажыць. Галоўнае — ва ўсім бачыць пазітыў, да ўсіх адносіцца добразычліва і гнаць ад сябе негатыўныя думкі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.