Made in Braslav, ці Прадукты, якія сталі брэндамі Браслаўшчыны

Деньги
Беларускія прадукты харчавання ўжо на працягу дзесяцігоддзяў славяцца высокай якасцю і натуральнымі інгрэдыентамі. Такая традыцыя склалася не толькі ўнутры краіны: любяць і чакаюць айчынную прадукцыю далёка за межамі Беларусі. Геаграфія шырокая — ад дзяржаў бліжняга замежжа да Кітая.

Вырабляюць па-сапраўднаму якасныя і смачныя прадукты і ў нашым раёне. Многія віды прадукцыі з паметкай «Зроблена ў Браславе» прызнаны найлепшымі на самых прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках-продажах, конкурсах народных дэгустацый і марак. Некаторыя прадпрыемствы нават упэўнена і з поспехам асвойваюць замежны рынак. Аднак не будзем галаслоўнымі.

«АДЫГЕЙСКІ» — ЧЭМПІЁН СМАКУ

Год за годам мясцовыя сыраробы трымаюць, што называецца, марку і заваёўваюць любоў пакупнікоў традыцыйнымі і новымі відамі сваёй прадукцыі. Пацвярджаюць якасць і шматлікія перамогі ў разнастайных конкурсах. Прычым высока ацэньваюць мясцовы прадукт як журы, так і самі народныя дэгустатары.

У 2018 годзе браслаўскі цэх наладзіў выпуск сыру мяккага «Адыгейскага». А сёлета наш прадукт быў прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы сярод аналагічных у прэстыжным конкурсе «Чэмпіён смаку», фінал якога праходзіў у рамках выстаўкі «Белагра – 2019». Пераможцаў выяўлялі эксперты разам з рэальнымі спажыўцамі па 45 пазіцыях. У намінацыі «Сыры мяккія. “Адыгейскі”» сыр браслаўскай вытворчасці з аднайменнай назвай вытрымаў канкурэнцыю з прадукцыяй такіх вядомых і моцных сапернікаў, як Кобрынскі масларобчы-сыраробчы завод, «Савушкін прадукт», «Малочная кампанія “Навагрудскія дары”», і заняў 2-е месца.

Дарэчы, у Беларусі народны конкурс-дэгустацыя «Чэмпіён смаку» праводзіцца з 2013 года. Двойчы ў год незалежная экспертна-дэгустацыйная камісія (тэхнолагі, спецыялісты навуковых інстытутаў харчовай прамысловасці, шэф-повары) і народныя дэгустатары тэсціруюць прадукты беларускіх вытворцаў. Гэта свайго роду айчынная «Кантрольная закупка».

Сёння сыр «Адыгейскі» запатрабаваны, таму трывала ўвайшоў у лінейку прадукцыі мясцовага цэха. Прыемна, што пакупнікі, выбіраючы сыр на паліцах магазінаў, часцей за ўсё аддаюць перавагу браслаўскай вытворчасці. А менавіта гэта і з’яўляецца па-сапраўднаму галоўнай ацэнкай смаку нашых сыроў.

ПЕРАМОГА БРАСЛАЎСКІХ ШПРОТАЎ…

Некалькі гадоў таму назад вытворчы філіял «Браслаўрыба» Глыбоцкага МКК пачаў выпускаць шпроты з сыравіны, якая праходзіла апрацоўку вадкім дымам. Летась жа тут сталі вырабляць кансервы «Шпроты ў масле GOLD». За непрацяглы час яны сталі папулярнымі і запатрабаванымі на рынку.

Сёлета смак і якасць браслаўскай прадукцыі ацаніла і кампетэнтнае журы на конкурсе кансерваванай прадукцыі «Крыштальны яблык», які праводзіцца з 2008 года Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні. Па выніках закрытай дэгустацыі рыбнай прадукцыі, дзе кожнаму канкурсанту прысуджаецца толькі нумар, без канкрэтнага абазначэння вытворцы, філіял «Браслаўрыба» абышоў усіх канкурэнтаў, у тым ліку і знакамітага брэсцкага вытворцу «Санта Брэмар».

Перамога ў прэстыжным конкурсе не выпадковасць, а вынік планамернай працы калектыву. Кожная бляшанка на прадпрыемстве праходзіць строгі кантроль, пачынаючы з моманту стварэння рэцэпту і заканчваючы фасоўкай гатовай прадукцыі на складзе. Да таго ж браслаўчане не дадаюць штучных інгрэдыентаў у сваю прадукцыю. За натуральны смак і любяць пакупнікі мясцовыя кансервы.

…І ГРАН-ПРЫ КУКУРУЗНЫХ ПАЛАЧАК

Высокую якасць прадукцыі захоўваюць і работнікі Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам». Летась яны пачалі выпускаць салодкія глазураваныя кукурузныя палачкі «Сонечны зайчык». Для вытворчасці ласунку аб’яднанне набыло спецыяльную імпартную лінію, дзякуючы якой практычна ўвесь працэс аўтаматызаваны.

Спачатку тут выпускалі каля 300 кг палачак у суткі, але хутка попыт значна павялічыўся, прычым па ўсёй Беларусі. Таму сёння смачнага ласунку гатуюць каля 900 кг штодня.

Гэта бясспрэчнае сведчанне таго, што саладосці браслаўскіх хлебабёкаў прыйшліся даспадобы шматлікім пакупнікам.

Склад кукурузнай палачкі браслаўскай вытворчасці хоць і вельмі просты (кукуруза, алей, соль і цукровая пудра), але прадукт атрымліваецца смачным і хрусткім.

Высокую якасць і смак гэтага вырабу падкрэсліў і дыплом Гран-пры ІІ ступені, які работнікі Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам» атрымалі на рэспубліканскім аглядзе хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Смаката – 2019», што праходзіў у Мінску.

Дарэчы, у гэтым папулярным галіновым мерапрыемстве прынялі ўдзел 37 беларускіх прадпрыемстваў і прадставілі больш за 200 узораў сваёй прадукцыі. І вельмі прыемна, што сярод такой колькасці ўдзельнікаў і разнастайных вырабаў браслаўскі ласунак быў высока адзначаны журы.

У планах спецыялістаў аб’яднання — шукаць іншыя рынкі збыту салодкага вырабу, што дазволіць павялічыць аб’ёмы яго вытворчасці, а таксама распрацоўваць новыя віды экструзійнай прадукцыі.

Матэрыялы падрыхтавалі Вера БУЛАНАВА, Алена НАБЕЕВА, Алена ПЯТУШКА.