Школьнік з Браслаўскага раёна стварыў мабільны дадатак для зручнасці турыстаў

Актуальное Люди
Сучаснае жыццё нельга ўявіць без рознага кшталту тэхнічных сродкаў і камп’ютарных праграм. І гэтыя неабходныя памочнікі ствараюцца не толькі прафесіяналамі сваёй справы, але і таленавітымі маладымі энтузіястамі.

Падтрымаць вынаходніцкую і рацыяналізатарскую дзейнасць беларускай моладзі — мэта рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці «Патрыёт.by», які праводзіцца ў нашай краіне штогод.

Свой праект прадставіў і наш зямляк, вучань 11 класа Опсаўскай сярэдняй школы Данііл Балочка. Трэба адзначыць, што гэта не першая спроба опсаўскіх школьнікаў трапіць у лік лепшых удзельнікаў конкурсу. І вось сёлета работа Данііла адзначана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Праз стагоддзі, праз гады — памятайце».

Пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі Святланы Бунта вучань распрацаваў мабільны дадатак «Браслаў-тур» для платформы Аndroid. Ён утрымлівае інфармацыю пра памятныя мясціны нашага раёна, якую можа атрымаць без падключэння да інтэрнэту.

Галоўная старонка даведніка мае шэсць раздзелаў, якія дапамогуць і мясцовым жыхарам, і гасцям Браслаўшчыны лепш і хутчэй арыентавацца падчас экскурсій і вандровак па нашым краі.

— Лічу, што браслаўскія мясціны вельмі прыгожыя і багатыя на гісторыю, — кажа Д. Балочка, — і, каб турысты мелі магчымасць больш прадуктыўна пазнаёміцца з імі, мы і стварылі гэты дадатак, які прысвечаны Году малой радзімы.

У Мінскім рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай творчасці распрацоўка Данііла атрымала высокую ацэнку журы. І гэта, безумоўна, заслужаны поспех.

Святлана Бунта расказала, што яе вучань ужо з 5 класа пачаў сур’ёзна асвойваць азы праграмавання, ён удзельнік алімпіяд і навуковых канферэнцый па інфарматыцы. Таксама яна дадала, што падрыхтоўка да конкурсу пачалася яшчэ летам, падчас яе хлопец паказаў сваю ўпартасць, энтузіязм і выдатныя веды па прадмеце.

Цяпер у старшакласніка важны і складаны перыяд падрыхтоўкі да выпускных экзаменаў і здачы ЦТ. У будучым выпускнік плануе звязаць сваё жыццё з праграмаваннем. Пажадаем таленавітаму юнаму браслаўчаніну здзяйсненняў усіх яго мар. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.