Футбольная каманда з Браслава ўпершыню ўдзельнічала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах

Спорт и здоровье
Першыя і ўжо ўдалыя крокі робіць юнацкая футбольная каманда з Браслава. Толькі ў верасні хлопцы васьмі–дванаццаці гадоў пачалі трэніравацца ў секцыі па футболе пад кіраўніцтвам Віталія Жука. І ўжо праз 3 месяцы заняткаў яны дэманструюць неблагія вынікі.

На мінулых выхадных футбольная каманда з нашага горада ўпершыню ўдзельнічала ў спаборніцтвах рэспубліканскага маштабу. Турнір «Узыходзячая зорка Next» прайшоў у Мядзеле, што ў Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што сапернікамі браслаўчан былі даўно існуючыя каманды з Барысава (БАТЭ-1 і БАТЭ-2) і ФК «Мядзел», у якіх хлопцы займаюцца па 3 і больш гадоў. Але нашы футбалісты не разгубіліся: змагаліся з усіх сіл, на полі выглядалі годна і паказалі, што на Браслаўшчыне ёсць маладзёжны футбол. Лепшым галкіперам турніру стаў Даніла Няміра з Браслава.

Малады трэнер імкнецца распаліць у дзяцей агонь любові да гэтага віду спорту, развівае іх фізічна і загартоўвае моцны камандны дух. Сам Віталій Жук расказаў, што задаволены сваімі падапечнымі: на трэніроўках заўсёды поўная зала, хлопцы з лёту прымаюць каментарыі і заўвагі, стараюцца навучыцца нестандартным футбольным прыёмам.

— Я лічу, першы блін атрымаўся зусім не камяком, — адзначае трэнер. — Хлопцы годна змагаліся, падтрымлівалі адзін аднаго, перажывалі. Турнір паказаў, што нават за такі непрацяглы прамежак часу юнакі змаглі не толькі згуртавацца на полі, але і добра пасябраваць, а гэта на першым этапе вельмі важны момант. Цяпер для пачынаючых футбалістаў важна рэгулярна трэніравацца, каб набыць бездакорную фізічную форму і адтачыць набытыя навыкі.

Таксама хачу падзякаваць бацькам футбалістаў: яны не шкадуюць ні сіл, ні часу, падтрымліваюць дзяцей у іх пачынаннях, аказваюць спонсарскую дапамогу пры набыцці формы, інвентару для трэніровак і ў арганізацыі выязных матчаў.

Мы ў сваю чаргу таксама жадаем юным футбалістам настойлівасці, натхнення, удачы, шматлікіх галоў і, безумоўна, яркіх перамог! ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.