У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры працуе выстаўка «Калядныя ўзоры»

В свободное время
Зарадзіцца навагоднім настроем на брэндавай выстаўцы майстроў і мастакоў народнага клуба «Ля возера» вельмі лёгка. Пасля яе наведвання хочацца ўпрыгожваць дом, рыхтаваць падарункі, і ўвогуле на душы з’яўляецца святочнае адчуванне блізкасці Новага года. Сёлета арганізатары экспазіцыі падышлі да яе адкрыцця вельмі творча: на першым паверсе МТК наведвальнікаў сустракалі класічнымі мелодыямі педагогі Браслаўскай ДШМ, а на другім і трэцім праходзілі творчыя сустрэчы і майстар-класы.

Увогуле ж на выстаўцы прадстаўлены работы 41 майстра і мастака. Усе так ці інакш звязаны з каляднай і навагодняй тэматыкай. Цікава, што кожны раз творцы не паўтараюцца, а знаходзяць новыя формы выхаду сваёй фантазіі. У гэтым годзе, напрыклад, шмат вязаных вырабаў і цацак, якія здзіўляюць задумкай і дасканаласцю выканання.

Ужо добрай традыцыяй мерапрыемства стала экскурсія па выстаўцы, якую праводзіць кіраўнік клуба Наталля Парахневіч. Яна падрабязна расказала пра кожнага аўтара, яго форму працы і адрасавала ўсім словы ўдзячнасці за творчасць. Паралельна праходзіла галасаванне за лепшую ёлачную цацку. Удзел у конкурсе прынялі з дзясятак мясцовых умельцаў, першае ж месца прысутныя аддалі таленавітай майстрысе Марыі Дворскай.

Своеасаблівай прыемнай «фішкай» адкрыцця выстаўкі каторы год запар з’яўляецца бяспройгрышная латарэя. Сувеніры, што можна атрымаць падчас розыгрышу, таксама зроблены мясцовымі майстрамі. Нельга не падзякаваць арганізатарам і за духмяны чай, якім частавалі падчас мерапрыемства. Акрамя гэтага, у рамках адкрыцця праходзіў калядны кірмаш, дзе прадаваліся вырабы майстроў і можна было набыць упадабаны сувенір непасрэдна з рук аўтара.

Радуе, што выстаўка кожны год прыцягвае шмат людзей. За гады свайго існавання «Калядныя ўзоры» з творчай справаздачы сталі па-сапраўднаму брэндавым святам музея. Праца экспазіцыі прадоўжыцца яшчэ некалькі тыдняў, абавязкова наведайце яе. Будзе цікава!

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.